BE RU EN

LiveJournal прадалі

  • 3.12.2007, 9:45

Інфармацыя, якая з'явілася ў панядзелак у некаторых СМІ, пра тое, што кампанія Six Apart цалкам прадала сэрвіс LiveJournal, атрымала пацверджанне. Як піша агенцтва Associated Press, LiveJournal набыты расейскай кампаніяй "Суп". Факт продажу пацвярджаецца і ў прэс-рэлізе, апублікаваным Six Apart.

Суму пагаднення пакуль не называюць. Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Six Apart, пагадненне пра змяненне ўладальніка стала следствам супрацоўніцтва з "Супам" у рамках атрыманага ў 2006 годзе ліцэнзійнага дазволу на адміністраванне кірылічнага сегмента LiveJournal.

У рамках пагаднення была створаная кампанія LiveJournal Inc., зарэгістраваная ў ЗША. Яе супрацоўнікамі стануць спецыялісты Six Apart, якія адказваюць за LiveJournal. Новая кампанія будзе размешчаная ў Сан-Францыска, а яе дзейнасць будзе рэгулявацца амерыканскімі законамі. Акрамя таго, створаны спецыяльны дарадчы савет, у які ўвайшоў заснавальнік сэрвісу Брэд Фітцпатрык (Brad Fitzpatrick).

LiveJournal Inc. апублікавала "стаднеўны план" развіццz LiveJournal, паведаміўшы, што новая каманда сфакусуецца на паляпшэнні сэрвісу. У прыватнасці, будзе палепшаны карыстальніцкі інтэрфейс LiveJournal, палегчаны працэс рэгістрацыі, пашыраныя і аптымізаваныя такія функцыі, як расстаноўка "метак" (tags) і ўнутраная служба паведамленняў LiveJournal.

Каментуючы пагадненне, генеральны дырэктар "Супу" Эндру Полсан (Andrew Paulson) выказаў меркаванне, што хуткі рост LiveJournal магчымы і за межамі ЗША. У сваю чаргу кіраўнік Six Apart Крыс Олдэн (Chris Alden) паведаміў, што кампанія засяродзіцца на амбіцыйных планах развіцця іншых сэрвісаў, сярод якіх TypePad і Movable Type.

Апошнія навіны