Санкцыі прывялі да банкруцтва прадстаўніцтва «Белнафтахіма»
- 3.12.2007, 10:22
Санкцыі ЗША ў дачыненні "Белнафтахіма" – што гэта было і якія наступствы можа мець? Спрэчкі пра гэта не цішэюць ужо два тыдні.
Адзначаючы, што, магчыма, гэта не моцна адаб'ецца на пастаўках вырабленых у Беларусі нафтапрадуктаў, шмат экспертаў ледзь ці не з шкадаваннем канстатуюць, што гэта палітычны крок. Сам Мінфін ЗША выказаўся адносна санкцый даволі празрыста. "Сённяшняе рашэнне ўзмацняе нашы санкцыі супраць Лукашэнкі і яго асяродка шляхам увядзення фінансавых санкцый супраць буйнога кангламерату, які знаходзіцца пад кантролем рэжыму", – гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінфіна ЗША са спасылкай на кіраўніка дэпартамента Мінфіна ЗША па кантролі за замежнай уласнасцю Адама Шубіна, нагадвае «Завтра моей страны».
Такім чынам, гэта санкцыі не супраць самога канцэрна, гэта таксама не з'яўляецца санкцыямі, накіраванымі на абмежаванне гандлю нафтапрадуктамі, а з'яўляецца санкцыямі, накіраванымі супраць "Лукашэнкі і яго асяродка".
Каб зразумець логіку Мінфіна ЗША падкрэслім, што гэты орган з'яўляецца ключавым па пытаннях барацьбы з адмываннем грошай. У сувязі з тым, што вялікая частка грашовых сродкаў у свеце так ці інакш праходзіць праз амерыканскія банкі, проста ў сілу таго, што ЗША – найбуйнейшы эмітэнт грошай у свеце, у Амерыцы дзейнічае даволі магутная сістэма барацьбы з адмываннем. Даўжэй за ўсё працуе, а, такім чынам, і лепш за ўсё адладжаная, сістэма процідзеяння адмыванню "брудных" крымінальных прыбыткаў, атрыманых ад продажу наркотыкаў, прастытуцыі і інш.
Некалькі гадоў таму Мінфін ЗША ў рамках барацьбы з карупцыяй пачаў таксама займацца новым відам адсочвання фінансавых пагадненняў – гаворка ідзе пра пагадненні, звязаныя з вышэйшымі дзеячамі розных дзяржаў, палітыкамі, іх сваякамі. Банкі павінны зважаць на такія пагадненні і складаць на іх спецыяльную справаздачу. З гэтага зусім не вынікае, што такія пагадненні будуць блакавацца. Гэта нават не азначае, што па кожным такім пагадненні праводзіцца расследаванне. Але інфармацыя назапашваецца і ў выпадку пачатку такога расследавання можа быць абагульненая і прааналізаваная.
Цяпер паглядзім на дзеянне Мінфіна ЗША ў дачыненні Беларусі. Летась, як вядома, Мінфін атрымаў загад ад амерыканскага прэзідэнта і кангрэса замарозіць рахункі беларускага прэзідэнта і некаторых службоўцаў, што і было зробленае. Былі фармальна "замарожаныя" рахункі 16 беларускіх грамадзян. Фармальна, таму што наўрад ці варта разлічваць на тое, што гэтыя асобы маюць імянныя рахункі ў амерыканскіх банках. Менавіта таму Аляксандр Лукашэнка не раз у сваіх выступах заклікаў Буша пакінуць грошы з "рахункаў Лукашэнкі" сабе, калі яны будуць знойдзеныя.
Тым не менш, гэтая забарона дзейнічае, і цяпер ніхто з тых, хто ўвайшоў у "чорны спіс", не здолее адкрыць ад уласнага імя рахунак у амерыканскім банку. Акрамя таго, будзе здзяйсняцца кантроль за пагадненнямі, якія праводзяцца ад імя або з удзелам сваякоў службоўцаў з гэтага спісу, а таксама з кампаніямі, заснавальнікамі якіх яны з'яўляюцца. Безумоўна, усё гэта не выключае ўжывання шэрых або шматступенных схем, але забарона на ажыццяўленне прамой легальнай фінансавай дзейнасці – гэта таксама абмежаванне. Для нашчадка якога-небудзь службоўца, які хацеў бы пачаць сумленны легальны бізнэс у ЗША, яно можа апынуцца вельмі істотным.
Гэтаксама і замарожванне змешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША рахункаў канцэрна "Белнафтахім", яго прадстаўніцтваў і даччынай кампаніі ў ЗША, якая, між іншым, з'яўляецца суб'ектам гаспадарання, можа апынуцца істотным для некаторых асоб. Цяпер, па сутнасці, прадстаўніцтва канцэрна ў ЗША, а таксама "дачку" – трэба зачыняць. Яны не могуць праводзіць па сваіх рахунках плацяжы. У тым ліку, аплачваць арэнду памяшкання, аўтамабіля, выплачваць заработную плату супрацоўнікам. Адкрыць іншае прадстаўніцтва або даччынае прадпрыемства таксама наўрад ці будзе магчымым – санкцыі аўтаматычна распаўсюджваюцца і на яго. Калі і можна нешта зарэгістраваць на тэрыторыі ЗША, то гэта "нешта" ўжо не павінна з'яўляцца прамой дачкой канцэрна. І каб зразумець, наколькі пэўныя дадзеныя санкцыі, варта б было даведацца, хто ўзначальвае і працуе ў прадстаўніцтве "Белнафтахіма" ў ЗША і ў яго даччынай кампаніі. Не выключанае, што там могуць засвяціцца прамыя і не зусім прамыя "спадчыннікі" з спісу Мінфіна ЗША.
Акрамя таго, не выключанае, што праз прадстаўніцтва і даччынае прадпрыемства выводзіліся грошы пэўных людзей у ЗША, якія потым абналічваліся або абсоўваліся на рахунках нейкіх кампаній. Прынамсі, у савецкі час менавіта праз розныя прадстаўніцтвы частка "грошай партыі" выводзілася з дзяржаўнага абарачэння. Так што цалкам магчыма, Мінфін ЗША нешта і прыкрыў. Вядома, можна казаць пра тое, што гэта не перашкодзіць знайсці іншую схему. Але цяпер адсачыць гэтую схему будзе прасцей. Бо калі дзесьці зменшала, значыць, у іншым месцы павінна прыбыць, а значыць, можна будзе калі не блакаваць новы канал перапампоўкі грошай, то, прынамсі паставіць яго пад кантроль.
Беларусь не ляжыць у сферы палітычных інтарэсаў ЗША, таму наіўна меркаваць, што на кантроль за фінансавымі пагадненнямі беларускага вяршка будуць кінутыя лепшыя сілы фінансавай выведкі ЗША. Але той факт, што санкцыі Мінфіна закранулі самую грашовую сферу беларускага экспарту, толькі падкрэслівае, што праца вядзецца. Каб зразумець, чым тэарэтычна гэта можа скончыцца, дастаткова сказаць, што, напрыклад, за справу аб карупцыі прэзідэнта Інданэзіі Сухарты, якую разглядаюць цяпер, асобнае "дзякуй" трэба сказаць фінвыведцы ЗША, якая шмат гадоў займалася зборам інфармацыі аб фінансавых махінацыях аўтарытарнага рэжыму гэтай краіны. Нагадаем, Сухарта кіраваў больш як 30 гадоў, цяпер ад былога кіраўніка Інданэзіі патрабуюць вярнуць краіне грошы, бясследна зніклыя з дзяржаўных фондаў за час яго кіравання. Агульная сума пазову складае каля паўтары мільярдаў даляраў (440 мільёнаў зніклых сродкаў і яшчэ 1,1 мільярд у якасці кампенсавання).
Не варта таксама забываць пра тое, што ў прэс-рэлізе Мінфіна ЗША змешчаная рэкамендацыя камерцыйным структурам ЗША не праводзіць пагадненні з канцэрнам "Белнафтахім". І тут могуць быць самыя разнастайныя наступствы. У тым ліку, некаторыя амерыканскія банкі, могуць з уласнай ініцыятывы блакаваць на час або зусім адмаўляцца ад правядзення пагадненняў, якія могуць здацца ім падазронымі. Так што асцярогі спадара Рыбалоўлева – кіраўніка кампаніі "Уралкалий", якая з'яўляецца сузаснавальнікам Беларускай калійнай кампаніі (якая, адзначым, не ўваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім", але ў яго ўваходзіць ПА "Беларуськалій") не пазбаўленыя падстаў. Фармальна рахункі БКК і яго дачкі ў Чыкага не закранутыя санкцыямі, але ад асобных партнёраў кампаніі пасля "рэкамендацый" Мінфіна можна чакаць усяго. Так што "дробныя фінансавыя гадасці" з боку асобных суб'ектаў гаспадарання ў ЗША цалкам могуць яшчэ доўга псаваць жыццё як канцэрну ў цэлым, так і асобным прадпрыемствам. І словы міністра фінансаў Беларусі Мікалая Корбута пра тое, што рахункі асобных прадпрыемстваў сапраўды на час блакаваліся на мінулым тыдні, толькі пацвярджаюць гэтую здагадку.