«Балтыка» не хоча працаваць у Беларусі
- 3.12.2007, 17:32
Піваварная кампанія "Балтыка" не плануе ў самым блізкім часе інвеставаць сродкі ў куплю магутнасцяў у Беларусі. Пра гэта заявіў намеснік дырэктара па карпаратыўных сувязях і інфармацыі, начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю ААТ "Піваварная кампанія "Балтыка" Аляксей Кедрын.
«Ці з'явяцца такія планы ў далейшым, будзе відаць», – адзначыў спецыяліст, паведамляе БелаПАН.
Такім чынам, А.Кедрын аспрэчвае паведамленне інфармацыйнага агенцтва Інтэрфакс-Захад, якое 30 лістапада паведамляла, што Аляксандр Лукашэнка на семінары кіруючых працаўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржорганаў у Менску заявіў пра жаданне расейскай піваварнай кампаніі вярнуцца на беларускі рынак.
«"Балтыка" ўжо рабіла спробу зайсці на беларускі рынак вакольнымі шляхамі, не выканаўшы ўмоў інвеставання. А сёння "Балтыка" гатовая выконваць ужо не 30, як тады, а 37 умоў, калі ім дазволяць працаваць на нашым рынку», – цытуе Лукашэнка Інтэрфакс-Захад.
Як раней паведамляў БелаПАН, 26 лістапада на сустрэчы з журналістамі ў Менску дырэктар па экспарце кампаніі "Балтыка" Дзмітрый Кісцеў таксама заявіў, што ў «Беларусі пакуль не плануецца інвеставаць сродкі ў ліцэнзійны выпуск піва, які цяпер здзяйсняецца ва Украіне і Вялікабрытаніі».
Даведка. ААТ "Піваварная кампанія "Балтыка" з'яўляецца лідэрам расейскага піваварнага рынку. У 2006 годзе "Балтыка" аб'ядналася з кампаніямі "Вена", "Пикра" і "Ярпиво". Ёй належыць 11 піваварных заводаў у дзевяці рэгіёнах Расеі. Штат супрацоўнікаў – каля 12 тысяч чалавек. Кампаніі належыць 37,7% расейскага рынку піва і 2,2% – сусветнага. Вытворчыя магутнасці складаюць 45 млн. гекталітраў.