The New York Times: Чавес выглядае лепш
- 4.12.2007, 12:07
У нядзелю два найбольш прыкметныя і праблемныя аўтарытарныя лідэры ў свеце атрымалі розную ацэнку выбаршчыкаў. Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін ператварыў парламенцкія выбары ў рэферэндум у сваю падтрымку і з дапамогай цынічных маніпуляцый атрымаў значную перамогу, знішчыўшы астаткі незалежнасці ў Думе і ў расейскай палітыцы. У той самы час у Венесуэле апошняя і найбольш адкрытая спроба прэзідэнта Уга Чавеса ўзяць усю ўладу ў свае рукі сустрэла супраціў удзельнікаў галасавання – з'явілася надзея, што цяпер у мясцовай палітыцы пераможа канкурэнцыя.
Падчас сумнеўных парламенцкіх выбараў Пуцін называў сваёй заслугай тое, што ён прынёс Расеі стабільнасць і павагу ўсяго свету. Вялізная колькасць выбаршчыкаў, удзячных за прыток у Расею нафтавых грошай, пагадзілася з гэтым і скрозь пальцы глядзела, як Пуцін саджае ў турму сваіх супернікаў і перакрывае ім доступ да СМІ.
Нікому не вядома, што цяпер плануе Пуцін, чый другі чатырохгадовы тэрмін падыходзіць да канца ў сакавіку. Па адной з версій, ён звернецца да тых жа махінацый, каб забяспечыць абранне слабага прэзідэнта, а пасля вернецца да ўлады ў ролі прэм'ер-міністра. Аднак, як добра вядома Пуціну, улада разбэшчвае, і нават спецыяльна падабраны пераемнік можа апынуцца не гэткім ужо згодлівым. Таму цяпер ён можа паспрабаваць перапісаць канстытуцыю, каб атрымаць магчымасць высоўвацца на трэці тэрмін. Любы з гэтых варыянтаў нанясе ладна пабітай расейскай дэмакратыі яшчэ большыя страты.
Прыйшоўшы да ўлады восем гадоў таму, прэзідэнт Чавес сканцэнтраваў у сваіх руках яшчэ вялікую ўладу, купіўшы народную падтрымку за кошт нафтавых прыбыткаў. Аднак ён зайшоў занадта далёка, заклікаючы да змянення канстытуцыі, якія далі б яму кантроль практычна над усімі палітычнымі інстытутамі, а таксама магчымасць перавыбірацца колькі заўгодна раз. Чавес па-ранейшаму мае вялізны ўплыў і відавочна лічыць сваю паразу часовай. Да гонару прэзідэнта, ён хутка прызнаў вынікі рэферэндуму.
Хто б мог падумаць, што Чавес будзе выглядаць лепш, чым Пуцін – паважаны ва ўсім свеце лідэр адной з вядучых прамысловых краін? ЗША і Еўропа павінны паказаць Пуціну, што час, калі ён карыстаўся павагай, хутка падыходзяць да канца.
Акрамя таго, міжнароднай супольнасці трэба працягваць націскаць на Чавеса, які відавочна не стаў у адно імгненне дэмакратам. Параза прапанаваных ім рэформ паказвае, што можа адбыцца, калі разрозненая апазіцыя аб'ядноўваецца, а выбаршчыкі вырашаюць, што вяршэнства закона важнейшае за капрызы кіраўніка. Расейскім выбаршчыкам не перашкодзіць зірнуць на дасягненне Венесуэлы і разабрацца, што пайшло няправільна ў іх уласнай краіне.