BE RU EN

Прадпрымальнікі настроеныя рашуча

  • 5.12.2007, 12:50

Напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў улады спрабуюць запалохаць арганізатараў акцыі пры дапамозе падатковай інспекцыі і АБЭЗ. Прадстаўнікі гэтых органаў з'явіліся сёння на будаўнічы рынак гандлёвага дому «Ждановічы» у павільён аднаго з заяўнікаў акцыі, кіраўніка Менскага каардынацыйнага савета індывідуальных прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Макаеў, прадстаўнікі АБЭЗ у парушэнне дзейнага заканадаўства прыйшлі без неабходнага для праверкі загада. Ён таксама адзначыў, што 19 лістапада толькі завяршылася папярэдняя праверка органамі АБЭЗ. «Інакш, як ціскам з боку ўлад перад нашай акцыяй пратэсту, такія дзеянні кантралюючых органаў назваць нельга. Але падатковай сёння прадпрымальніка не запалохаеш. Мы ўсё роўна 10 снежня выйдзем на Кастрычніцкую плошчу», – падкрэсліў адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху.

З нагоды сённяшніх праверак ён сказаў, што ўсе дакументы ў яго ў парадку, ніякіх законаў ён не парушае, таму і баяцца няма чаго, тым больш, што правяралі зусім нядаўна. «А з нашым заканадаўствам прычапіцца заўсёды ёсць да чаго, але дагэтуль жа працавалі», – сказаў Аляксандр Макаеў. Выказаўшы пры гэтым надзею, што ўсё-ткі патрапіць на сустрэчу ў Менгарвыканкам.

Справа ў тым, што 5 снежня а 15 гадзіне заяўнікаў акцыі запрасілі ў Менгарвыканкам. «Раней мы атрымалі стандартную адпіску з Менгарвыканкама з прапановай сабрацца на плошчы Бангалор, але мы адказалі катэгарычнай адмовай, таму ў выканкаме з намі хочуць «пагутарыць», мабыць, пра наступствы. Але цяпер я нават не ведаю, з кім будуць «гутарыць». У мяне – праверка, Аляксандр Таўстыка – у турме, а астатнія заяўнікі – з рэгіёнаў, наўрад ці змогуць прыехаць, застаецца толькі Віктар Калей, з якім, мы і збіраліся ісці», – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Макаеў.

«Мітынг у Менску павінен стаць вяршыняй пратэсту за апошнія дзесяць гадоў, якія цягнецца супрацьстаянне прадпрымальнікаў і дзяржавы. На ўсіх рынках сталіцы, абласных цэнтраў і буйных гарадоў мы распаўсюдзілі больш за 30 тысяч улётак. Сёння няма ніводнага прадпрымальніка, які б не ведаў, чаго мы хочам і як збіраемся дзейнічаць», – заявіў Аляксандр Макаеў.

Нагадаем, 10 снежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пройдзе мітынг прадпрымальнікаў. Сярод асноўных патрабаванняў прадпрымальнікаў – адмена дыскрымінацыйнага ўказу №760 ад 29 снежня 2006 года, спыненне судовага пераследу прадпрымальнікаў за выказванне свайго меркавання і выкананне ўрадам 12 умоў Еўрапейскага Звязу, сярод якіх павага правоў грамадзян Беларусі на справядлівы суд і прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад.

Апошнія навіны