Ператрус у дэмакратычных прафсаюзах
- 7.12.2007, 8:30
Увечары 6 сьнежня ў менскі офіс Беларускага кангрэсу прафсаюзаў прыбылі супрацоўнікі міліцыі і зрабілі ператрус.
Пра гэта паведаміў адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў. Згодна зь ім, ён заехаў у офіс БКДП. У гэты час там ужо былі два супрацоўнікі міліцыі ў форме і чатыры чалавекі ў цывільным. "Яны паведамілі, што зьяўляюцца супрацоўнікамі УУС Ленінскага раёну Менску. Міліцыянты знайшлі друкаваныя матэрыялы, прысьвечаныя прадпрымальніцкай акцыі 10 сьнежня", — паведаміў А.Макаеў.
Міліцыянты, паводле ягонай інфармацыі, запатрабавалі дакумэнты на множыльную тэхніку, якая знаходзіцца ў офісе. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі забаранілі пакідаць офіс арганізацыі ўсім, хто ў ім знаходзіцца.
Міліцыя апячатала 5-тысячны наклад улётак з інфармацыяй пра мітынг прадпрымальнікаў у Менску 10 сьнежня. Тое самае зрабілі і з рызографам. Улёткі і рызограф із’ялі на “экспэртызу».
З офісу Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў увезьлі ў Леніскае РУУС прафсаюзнага актывіста Алега Корбана. Як патлумачылі супрацоўнікі міліцыя, каб “даць больш падрабязныя тлумачэньні”. Туды ж павезьлі і ягоную знаёмую Надзею Сянкевіч нібыта для праверкі асобы.