Лідэрам Партыі БНФ можа стаць альбо Вінцук Вячорка, альбо Алесь Міхалевіч
- 8.12.2007, 17:50
8 снежня ў Менску праходзіць з’езд Партыі БНФ. Паводле вынікаў галасавання ў першым туры перамаглі сённяшні лідэр партыі Вінцук Вячорка і яго намеснік Алесь Міхалевіч.
Нагадаем, на пасаду старшыні Партыі БНФ балатаваліся тры кандыдаты: акрамя Вінцука Вячоркі і Алеся Міхалевіча, на з’езде быў вылучаны і намеснік старшыні Віктар Івашкевіч.
У працы з’езда бралі ўдзел 242 дэлегаты. Па выніках тайнага галасавання за Вінцука Вячорку было пададзена 107 бюлетэняў, за Алеся Міхалевіча – 104, за Віктара Івашкевіча галасавала 26 дэлегатаў.
Такім чынам, яшчэ сёння адбудзецца другі тур, аднак яго вынікі стануць вядомыя, верагодней за ўсё, заўтра раніцай.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заклікаў сваіх прыхільнікаў аддаць галасы за Вінцука Вячорку. Як сказаў Івашкевіч у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97, “Алесь Міхалевіч яшчэ занадта малады і не даказаў сваё права на лідэрства. Разам з тым, я мяркую, крытыка, што гучала на з’ездзе, будзе ўлічаная Вінцуком Вячоркам”.