Лявон Баршчэўскі: «БНФ павінен арганізаваць і ўзначаліць народны рух»
- 8.12.2007, 21:44
Былы намеснік старшыні партыі і сябра Сойму Партыі БНФ ад моманту яе заснавання Лявон Баршчэўскі знаходзіць правільнай палітыку партыі на чале з Вінцуком Вячоркам і лічыць, што менавіта культурным праектам трэба надаваць найбольшую увагу.
“Пакуль у нас існуе праблема з самаідэнтыфікацыяй беларусаў, нацыянальнай свядомасцю, ідэі Фронта яшчэ доўга будуць запатрабаваныя, пакуль гэтыя ідэі не перамогуць у галавах бальшыні нашага грамадства. Таму я не згаджаюся з тымі, хто крытыкуе сёння Фронт за культурніцкую дзейнасць, бо гэта надзвычай важна і запатрабавальна”, - сказаў Лявон Баршчэўскі ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
Па словах Баршчэўскага “змяніць уладу прасцей, чым памяняць свядомасць людзей. Апазіцыя мацнее і структурыруецца, калі яна запатрабавальная людзьмі, калі прыходзяць свежыя сілы. Як раз зараз гэта і адбываецца ў Фронце. І тут галоўнае, скарыстаць незадавальненне ў грамадстве, калі гэтае незадавальненне з кухні выльецца на плошчу, пераняць ініцыятыву, як у нас атрымалася ў 91-ым годзе, калі людзі выйшлі з эканамічнымі патрабаваннямі і з’явіліся нацыянальныя сцягі і палітычныя патрабаванні кшталту “Прэч – КПСС”. Я лічу, што зараз у Фронта дастаткова сілы, каб такі народны рух арганізаваць і узначаліць”, - падкрэсліў Баршчэўскі.