BE RU EN

Леанід Заіка: «Газпром» сапраўды «нажываецца» на Беларусі

  • 25.09.2007, 12:38

Аляксандр Лукашэнка ў Рэчыцы падчас свята ўраджаю «Дажынкі» заявіў, што расейскі «Газпром» «нажываецца на Беларусі». Беларускі кіраўнік не выключае, што на будучы год кантракт з Расеяй падпісаць будзе няпроста і можа паўтарыцца леташняя сітуацыя. Паводле яго слоў, беларускі бок будзе ўвязваць пытанні цаны на расейскі газ з пытаннямі яго транзіту ў Еўропу. Заяву Лукашэнкі пагадзіўся пракаментаваць прэс-цэнтру Хартыі’97 кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

«Лукашэнка, у прынцыпе, мае рацыю. Сапраўды, у месцы здабычы газу яго кошт складае каля 15 даляраў за тысячу кубаметраў, прыкладна як у Алжыры. У Туркменістане гэты паказчык яшчэ ніжэйшы. Цана на газ – гэта манапольная цана Расеі. Усе краіны плацяць рэнту за спажыванне расейскага газу. У гэтым сэнсе можна сказаць, што Расея нажываецца на ўсіх краінах, куды прадае газ», – заявіў эканаміст.

Аднак з нагоды роўнай прыбытковасці «Газпрома» пры супрацоўніцтве з Беларуссю і Нямеччынай, Леанід Заіка прытрымліваецца іншага меркавання. «Я з Аляксандрам Рыгоравічам не пагаджуся. За транзіт ад Беларусі да Нямеччыны да кошту газу дадаецца каля 30 даляраў на тысячу кубаметраў. Па логіцы Лукашэнкі, цана на газ для Нямеччыны павінна складаць 130 даляраў, тады як тысяча кубаметраў газу немцам прадаецца за 240 даляраў», – паведаміў эксперт.

«Цана на газ мае рэгіянальны характар. Па ідэі, газ для пэўнага рэгіёна (напрыклад, блізкае замежжа: Украіна, Балтыка, Беларусь) павінен мець прыблізна адну цану, але яна для розных краін розная. Гэта абумоўленае асаблівасцямі міждзяржаўных пагадненняў, іх тэрмінамі, аб`ёмамі паставак, магчымасцямі ў кіраванні мясцовых газатранспартных сістэм, іншымі сустрэчнымі ўмовамі», – адзначае аналітык.

Эксперт лічыць, што праблем з перамовамі па вызначэнні цаны для Беларусі не будзе. «Гэта ўсяго толькі спроба нашага кіраўніцтва надаць самім сабе больш значнасці ў развязанні гэтага пытання ў вачах грамадскасці. Цана, фактычна, вызначаная, і яна ў наступным годзе павінна скласці для Беларусі 125-145 даляраў за тысячу кубаметраў», – сцвярджае Заіка.

«З нагоды намеру ўвязаць цэны на газ з цэнамі за транзіт, вельмі добра сказаў Чарнамырдзін. Ён заявіў неяк журналістам, якія цікавіліся газавымі пытаннямі, што яны нічога не разумеюць. Справа ў тым, што ўсе задумы наконт тарыфаў на газ, на яго транзіт – камерцыйная тайна службоўцаў, якая дазваляе ім перавесці 1–2 лішнія мільярды на Канары», – падагульняе Леанід Заіка.

Апошнія навіны