BE RU EN

ЗША думаюць над размяшчэннем элементаў сістэмы ПРА ў Грузіі

  • 25.09.2007, 16:03

Амерыканскія спецыялісты, якія вывучалі на мінулым тыдні ў Азербайджане магчымасць выкарыстання Габалінскай радыёлакацыйнай станцыі, ужо некалькі дзён знаходзяцца ў Грузіі. Па версіі грузінскіх СМІ, цяпер эксперты ЗША вывучаюць магчымасць будаўніцтва РЛС, такой як Габалінская, у Аджарыі. Гэтую версію ў аўторак не пацвердзіў, аднак і не аспрэчыў кіраўнік службы "Грузавианавигация" Гіоргій Карбелашвілі, паведамляе NEWSru.com.

"У прэсе з'явіліся звесткі пра перамовы з амерыканцамі па размяшчэнні ў Грузіі элементаў проціракетнай абароны ЗША, усталёўкі нейкіх тэхналогій. Вядома, прыезд амерыканскіх экспертаў з чымсьці звязаны, і цягам тыдня амерыканцамі вывучаюцца магчымасці пашырэння авіянавігацыйных магчымасцяў Грузіі", – сказаў Карбелашвілі, адзначыўшы, што амерыканскія эксперты "праводзяць аўдыт магчымасцяў аэранавігацыі ў Батумі, і яны захопленыя ўбачаным".

У сваю чаргу, амерыканскія эксперты ў гутарцы з тэлекампаніяй Rustavi 2 заявілі, што "новыя перспектывы аэранавігацыі могуць быць карысныя, як для Грузіі, так і для ЗША", паведамляе "Інтэрфакс".

Пра рашэнне Грузіі ўсталяваць РЛС на чарнаморскім узбярэжжы краіны паміж Батумі і Поці было абвешчанае ў сярэдзіне жніўня. Гэтая РЛС усталёўваецца па рэкамендацыі ІКАО. Радыус дзеяння станцыі – 450 км. Яна будзе падключаная да адзінай сістэмы кантролю паветранай прасторы Грузіі і дазволіць кантраляваць перамяшчэнне самалётаў у паветранай прасторы Грузіі і над тэрытарыяльнымі водамі краіны.

Праект, кошт якога складае каля 1 млн даляраў ЗША, аплаціў грузінскі бок. Гэтая РЛС набытая ў Францыі. Там жа прайшлі падрыхтоўку грузінскія спецыялісты, якія будуць на ёй працаваць. Згодна з рэкамендацыямі ІКАО яшчэ адна сучасная РЛС будзе ўсталяваная ў будучым годзе ва Усходняй Грузіі. Цяпер на тэрыторыі краіны ёсць некалькі РЛС кантролю паветранай прасторы, уведзеных у строй у 80-90-ыя гады, адзначае ІТАР-ТАСС.

Апошнія навіны