BE RU EN

Інтэрнэт «адрэгулююць» да кастрычніка

  • 25.09.2007, 16:50

Міжведамасная рэспубліканская працоўная група па вывучэнні досведу краін СНД і Еўропы ў пытанні прававога рэгулявання дзейнасці інтэрнэт-СМІ прадставіць першыя матэрыялы да сярэдзіны кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Слабадчук.

Працоўная група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі 15 ведамстваў, у тым ліку міністэрстваў інфармацыі, сувязі і інфарматызацыі, юстыцыі, замежных спраў, унутраных спраў, Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіям, Белдзяржуніверсітэта і іншых, створаная з мэтай падрыхтоўкі праекту дакумента, які будзе рэгуляваць дзейнасці інтэрнэт-выданняў у рэспубліцы. Цяпер у Беларусі няма нарматыўнай базы, якая рэгулюе гэтае пытанне. Гаворка ідзе не пра ўвядзенне кантролю, цэнзуры, забароны інтэрнэт-СМІ, а пра вызначэнне ўмоў распаўсюджвання той ці іншай інфармацыі, упарадкаванне дзейнасці інтэрнэт-выданняў, падкрэсліў Аляксандр Слабадчук.

Група кропкава распрацуе нюансы, якія павінны знайсці сваё адлюстраванне ў праекце дакумента, адзначыў намеснік міністра інфармацыі. Акрамя таго, працоўная група прыме рашэнне, які выгляд урэшце прыме дакумент: ці будуць занесеныя папраўкі ў дзейны закон аб СМІ ў Беларусі, у ім з'явіцца новы раздзел або гэта будзе самастойны дакумент.

Апошнія навіны