BE RU EN

Джордж Буш заклікаў ААН дапамагчы Беларусі

  • 25.09.2007, 19:18

Прэзідэнт ЗША Джордж Буш заклікаў Арганізацыю аб'яднаных нацый выканаць яе асноўную функцыю – захаванне Дэкларацыі правоў чалавека. "Кожны сябар ААН павінен далучыцца да місіі вызвалення", – заявіў Буш, выступаючы з трыбуны ААН на агульнапалітычнай дыскусіі ў рамках 62-ой сесіі Генасамблеі ААН, якая адкрылася ў аўторак. Ён растлумачыў, што вызваляць свет трэба ад тыраніі, тэрарызму, экстрэмізму, голаду і галечы. У шэрагу такіх краін, дзе парушаная Дэкларацыя правоў чалавека і ўшчамляюцца асноўныя свабоды, ён назваў Беларусь, Паўночную Карэю, Сірыю і Іран.

"У Беларусі, Паўночнай Карэі, Сірыі і Іране жорсткія рэжымы прывялі да адмаўлення фундаментальных правоў і свабод, абвешчаных ААН ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека", – сказаў лідэр Злучаных Штатаў. "Кожная цывілізаваная нацыя павінна рабіць дапамогу народам гэтых краін у супрацьстаянні дыктатуры", – дадаў Дж.Буш.

Прэзідэнт ЗША Джордж Буш заклікаў да таго, каб зрабіць больш жорсткімі санкцый у дачыненні вайсковага рэжыму ў М'янме. Падчас выступаў Дж.Буш абвінаваціў кіраўніцтва азіяцкай краіны ў насаджэнні "19-гадовага рэжыму страху", які адмаўляе асноватворныя дэмакратычныя правы і свабоды чалавека. "Грамадзяне Амерыкі абураныя палітычнай сітуацыяй у М'янме", – прыводзіць Associated Press словы Дж.Буша.

Адначасова прэзідэнт ЗША паслаў прывітанне дзяржавам, якія зрабілі "крокі да свабоды". У гэтым кантэксце ён назваў Украіну, Грузію і Кіргізію.

Буш таксама заявіў, што ЗША падтрымліваюць шырокую рэформу ААН і гатовыя разгледзець пытанне пашырэння сяброўства ў Радзе Бяспецы, дзе цяпер прадстаўленыя 15 краін. Ён таксама раскрытыкаваў структуры ААН, "якія заплюшчваюць вочы" на краіны, дзе не выконваюцца правы і свабоды.

"Амерыканскі народ расчараваны працай Рады Бяспекі, якая засяродзіла сваю ўвагу на Ізраілі", – адзначыў Буш.

Па традыцыі, прэзідэнт ЗША выступае на пачатку гэтага форума 192 нацый як лідэр прымаючай краіны.

Апошнія навіны