BE RU EN

Віктар Івашкевіч: «Гэтай сітуацыі радуюцца толькі ворагі Беларусі»

  • 26.09.2007, 17:48

Палітрада Аб'яднаных дэмакратычных сілаў прыняла сёння тры важныя дакументы. Заяву ў сувязі з затрыманнем старшыні аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктара Івашкевіча, заклік да ўлад скарыстацца будучай амністыяй, каб вызваліць палітвязняў, а таксама заклік да Еўразвяза не адступацца ад ідэалаў дэмакратыі ў стасунках з беларускім урадам. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктар Івашкевіч, які сёння быў вызвалены пасля пазапраўнага затрымання ўчора ўвечары супрацоўнікамі АМАПа. Палітык назваў свой арышт «правакацыйным» і заявіў, што ва ўладзе працягваецца барацьба праеўрапейскіх і прарасейскіх сілаў.

«Я хацеў бы заявіць, што, нягледзячы на правакацыйныя, паскудненькія, дробныя пакасці падручных спадара Падабеда (камандзір менскага АМАПа – заўв. прэс-цэнтра Хартыі), усе лідэры дэмакратычных сілаў перакананыя, што мы не павінны ісці на повадзе ў гэтых правакацый, а павінны вытрымліваць нашу пазіцыю па прапанове дыялогу. Мы заяўляем, што гатовыя абмяркоўваць з уладамі магчымасць супрацоўніцтва ў развіцці сітуацыі ў Беларусі і нармалізацыі стасункаў з Еўразвязам. Менавіта ўлады будуць вінаватыя, калі ў краіне выбухне эканамічны крызіс», – заявіў Віктар Івашкевіч прэс-цэнтру Хартыі’97, каментуючы вынікі паседжання Палітрады АДС.

Віктар Івашкевіч таксама пракаментаваў сённяшнія заявы намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Рынкевіча аб неабходнасці адмовіцца ад дыялогу з уладамі праз рэпрэсіі супраць апазіцыі. «Вядома, не ўсе ў апазіцыі такія цярплівыя як я, і, вядома, гэтыя выхадкі абураюць сумленных людзей. Проста трэба, каб улады даведаліся, хто ж займаецца арганізацыяй гэтых пакасцяў. Усё гэта выклікае праведны і апраўданы гнеў і абурэнне. Іншая справа, што мы, як палітыкі, не павінны кіравацца эмоцыямі, а цвяроза ацэньваць сітуацыю. У адрозненне ад улады, у якой левая рука, не ведае, што робіць правая, а галава, пэўна, увогуле не думае, апазіцыя ўсё-ткі думае, і надзея на дыялог застаецца. Мы спадзяемся, што галава, нарэшце, у ўлады пачне думаць, а не інтуітыўна тузацца невядома ў якім кірунку», – адзначыў Віктар Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч таксама лічыць, што яго арышт і вызваленне дэманструюць наяўнасць ва ўладзе барацьбы паміж праеўрапейскімі і прарасейскімі сіламі. «Мой арышт, суд, які ўвогуле адмовіўся разглядаць справу аб распаўсюджванні мной улётак, вызваленне дэманструюць наяўнасць барацьбы прарасейскіх і празаходніх сілаў ва ўладзе. Увечары прарасейскія сілы здзейснілі правакацыю, а днём прабеларускія сілы гэтую правакацыю не працягнулі. Але не такое павінна прымацца рашэнне – арыштаваць або вызваліць Івашкевіча. Рашэнне павінна прымацца стратэгічнае, на прадмет развіцця краіны. І тады ўсё складаецца ў адну лінію. А вось гэтая тузаніна толькі пагаршае становішча ўсіх. І радуюцца гэтаму толькі ворагі Беларусі», – гаворыць Віктар Івашкевіч.

Апошнія навіны