BE RU EN

Актывіст руху «За Свабоду» арыштаваны на 15 сутак

  • 26.09.2007, 20:56

Суд Маскоўскага раёна Брэста пакараў актывіста Руху “За Свабоду” Андрэя Шарэнду 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у прэзентацыі кнігі былога палітвязня Паўла Севярынца “Лісты з лесу”. Суддзя Вольга Смірнова кваліфікавала дзеянні Андрэя Шарэнды, як удзел у несанкцыянаваным сходзе.

Таксама ў бліжэйшыя дні юнака чакае яшчэ адзін суд. Гэтым разам яго абвінавачваюць у супраціўленні супрацоўнікам міліцыі.

Андрэй Шарэнда быў затрыманы сёння зранку ў Брэсце каля пад’езда свайго дома і дастаўлены ў Маскоўскі РАУС Брэста. Актывіста азнаёмілі з “дапрацаваным” пратаколам за удзел у у несанкцыянаваным сходзе, складзеным на яго 19 жніўня.

Калі Андрэя вялі ў будынак суду, яго сябры Віталь Сымонік і Паліна Панасюк спрабавалі сфатаграфаваць і перадаць яму ежу. Супрацоўнікі міліцыі груба адштурхнулі Паліну Панасюк. Андрэй хацеў заступіцца за дзяўчыну, але міліцыянты кінулі яго на зямлю і пачалі біць. Ужо ў судзе яны папярэдзілі актывіста, што на яго будзе складзены новы пратакол адміністрацыйнага парушэння за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі, паведаміла прэс-служба руху “За Свабоду”.

Апошнія навіны