Палітвязняў павінны вызваліць па амністыі
- 26.09.2007, 21:45
Прэзідыум палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) заклікае ўлады выкарыстаць амністыю для вызвалення палітычных зняволеных. Ліст з гэтай ініцыятывай, як паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, прэзідыум палітрады АДС на сваім паседжанні 26 верасня вырашыў накіраваць на імя намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч.
Ліст да Н.Пяткевіч будзе накіраваны ў сувязі з затрыманнем увечары 25 верасня поруч сталічнага кафэ "Эль Памідора" кіраўніка аргкамітэта па правядзенні Еўрапейскага Марша Віктара Івашкевіча і намесніка старшыні Партыі камуністаў беларускай Валерыя Ухналёва. В.Ухналёў быў адпушчаны на свабоду пасля аглядання ў выцвярэзніку. В.Івашкевіч правёў ноч у міліцыі, а 26 верасня суддзя Першамайскага раёна Менска адправіла справу ў дачыненні кіраўніка аргкамітэта па правядзенні Еўрапейскага Марша на дапрацоўку.
Законапраект аб амністыі паступіў у "парламент" Беларусі на пачатку верасня. Дакумент прадугледжвае вызваленне ад пакарання асуджаных за злачынствы, за якія заканадаўствам прадугледжанае да шасці гадоў пазбаўлення свабоды. У выніку амністыі ад адбывання пакарання могуць быць вызваленыя больш як 3,5 тыс. асуджаных.