BE RU EN

Рашэнне гарвыканкама вышэй за статут ААН і Канстытуцыі?

  • 26.09.2007, 10:11

Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт лічыць немэтазгодным павелічэнне колькасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Такі адказ атрымалі кіраўнікі Берасцейскіх абласных арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў беларускай і Партыі БНФ.

Нагадаем, што прадстаўнікі чатырох абласных структур партый на пачатку верасня накіравалі ў Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт зварот з прапановай павелічэння ў г. Берасце колькасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў.

У сваім звароце абласныя лідэры спасылаліся на шэраг міжнародных дакументаў ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, на Канстытуцыю краіны, на ўнутранае заканадаўства і практыку яго ўжывання ў розных гарадах. Аднак Берасцейскі гарвыканкам фактычна і юрыдычна не прыняў гэткія значныя аргументы партыйцаў.

«Мы канстатуем факт парушэння міжнароднага права, якое згодна з Канстытуцыяй з'яўляецца прыярытэтным у нашай краіне. Мы прапанавалі мясцовым уладам канструктыўны, цывілізаваны падыход да развязання гэтай праблемы ў г. Берасце, але ўлада відавочна не гатовая да гэтага. Такая пазіцыя гарвыканкама выклікае не толькі шкадаванне, мы разглядаем гэтае рашэнне як непавагу да палітычных правоў і свабодаў жыхароў Берасця», – пракаментаваў рашэнне Берасцейскага гарвыканкама старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Апошнія навіны