BE RU EN

«Крама» падарыла вечар Свабоды

  • 26.09.2007, 12:03

Учора ў Менску адбыўся доўгачаканы канцэрт легендарнага рок-гурта «Крама». У адным з менскіх клубаў людзі розных узростаў тры гадзіны атрымлівалі асалоду ад музыкі любімай групы. Тым больш, што сёння пачуць «Краму» можна не часта – ужо некалькі гадоў група ўваходзіць у спіс забароненых.

Канцэрт быў прымеркаваны да выпуску новага музычнага альбома рок-гурта, які выклікаў вялікую цікавасць аматараў року. Спачатку Ігар Варашкевіч выканаў песні з гэтага альбома. Вядучы (журналіст “Еўрапейскага радыё”, якое выступала інфармацыйным спонсарам канцэрту) паведаміў прысутным, што на канцэрт даслалі свае прывітанні Міхаіл Фінберг, Ірына Дарафеева, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская. Спявачка Іна Афанасьева асабіста прыйшла павіншаваць Ігара Варашкевіча з выхадам новага дыска і паднесла рок-спеваку букет памяранцавых руж.

Далей у рэпертуары загучалі старыя песні групы «Крама», што выклікала захапленне прыхільнікаў розных узростаў. Яшчэ адной прыемнай неспадзяванкай для аматараў року было з'яўленне на канцэрце вядомага расейскага музыкі Мікалая Аруцюнава. Ён павітаў прысутных на беларускай мове і праспяваў некалькі песень з рэпертуару «Крамы».

Канцэрт працягваўся да 10 гадзін вечара. На вялізным экране, дзе дэманстраваліся ранейшыя публічныя выступы групы, раздзімаліся нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Людзі падпявалі і танчылі. Гукі беларускага року нараджалі ў беларусах адчуванне свабоды.

Апошнія навіны