Віктар Івашкевіч: «Левая рука не ведае, што робіць…, а галава не працуе»
- 26.09.2007, 13:23
Старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч вызвалены сёння з залы суду Першамайскага раёна Менска. Суддзя адправіла пратакол па справе Віктара Івашкевіча «на дапрацоўку». «Левая рука не ведае, што робіць правая, а галава ўвогуле не працуе», – пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 свой арышт і вызваленне намеснік старшыні Партыі БНФ.
Старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік кіраўніка Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і намеснік кіраўніка Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ухналёў былі арыштаваныя ўвечары 25 верасня на выхадзе з кафэ "Эль Памідора" на вуліцы Чырвонай у цэнтры Менска. Палітыкі святкавалі ў кампаніі сяброў дзень нараджэння Віктара Івашкевіча, якому споўнілася 48 гадоў. Калі лідэры партый выйшлі з кафэ, да іх пад'ехаў аўтобус з АМАПам. Амапаўцы заявілі, што вядомыя палітыкі парушаюць грамадскі парадак і заштурхнулі іх у аўтобус.
Супрацоўнікі АМАПа патрабавалі ў палітыкаў дакументы. Пры гэтым самі амапаўцы былі без бэджей. Пасля таго як В.Івашкевіч і В.Ухналёў патрабавалі, каб тыя прадставіліся, з'явіўся лейтэнант па прозвішчы Шпакоўскі. Ён назваў сябе і заявіў, што палітыкі падазраюцца ў здзяйсненні дробнага хуліганства. В.Івашкевіча і В.Ухналёва на аўтобусе даставілі ва УУС Першамайскага раёна.
Валеры Ухналёў неўзабаве быў вызвалены. Аднак, як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Уладзімір Лабковіч, у дачыненні старшыні аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктара Івашкевіча быў складзены пратакол па двух артыкулах – «знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы» і «парушэнне правіл арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Івашкевіча абвінавацілі ў распаўсюджванні ўлётак з заклікам узяць удзел у Еўрапейскім Маршы.
Сёння ў Першамайскім судзе, дзе праходзіў працэс над Віктарам Івашкевічам, прысутнічалі прадстаўнікі амбасад краін Еўразвяза ў Менску. Пасля вызвалення старшыні аргкамітэта Еўрапейскага Марша кіраўнік аддзялення Амбасады Швецыі ў Менску Стэфан Эрыксан прапанаваў падвезці Віктара Івашкевіча, і палітык з'ехаў з суду на дыпламатычнай машыне.