BE RU EN

Судзяць службоўцу Адміністрацыі прэзідэнта

  • 26.09.2007, 14:15

Галоўнае ўпраўленне папярэдняга расследавання Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні былога першага намесніка начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта – начальніка ўпраўлення па каардынацыі ідэалагічнай працы Уладзіміра Холада.

Як паведамілі БелаПАН у МУС, 19 верасня справа У.Холада была перададзеная следчымі ў Генеральную пракуратуру, а 25 верасня, за подпісам аднаго з намеснікаў генпракурора, – накіраваная ў Вярхоўны суд Беларусі.

Былому буйному службоўцу Адміністрацыі прэзідэнта ставіцца ў віну падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры, замах на авалодванне маёмасцю шляхам махлярства ў адмыслова буйным памеры і махлярства, здзейсненае паўторна, у адмыслова буйным памеры.

У.Холад быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 30 чэрвеня 2007 года. 9 ліпеня яму было прад'яўленае абвінавачванне.

Указам прэзідэнта 16 ліпеня Уладзімір Холад быў вызвалены ад пасады сябра Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, на якой знаходзіўся з 26 снежня 2006 года.

Прававы акт аб вызваленні У.Холада ад пасады першага намесніка начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта — начальніка ўпраўлення па каардынацыі ідэалагічнай працы не абнародавалі.

Апошнія навіны