У Менску з'явіцца вуліца Льва Сапегі
- 26.09.2007, 15:34
Дэпутаты Менскага гарадскога савета дэпутатаў прынялі рашэнне аб прысваенні назваў шэрагу вуліц сталіцы, якія будуюцца ў мікрараёне Міхалава. Дадзенае рашэнне большасцю галасоў (37 дэпутатаў з 44 прагаласавалі «за») прынятае на 5-ай сесіі Менгарсавета 26 верасня ў Менску.
Так, дзве праектаваныя вуліцы, ад праспекта Газеты «Звязда» да вуліцы Гурскага, будуць насіць імёны класіка беларускай літаратуры Янкі Брыля і выбітнага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларусі, канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, пішуць “Белорусские новости”.
Як растлумачыў начальнік упраўлення культуры Менгарвыканкама Віктар Кураш, дадзенае рашэнне прынятае па просьбе рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і шэрагу дзеячаў культуры Менска.
Таксама прынятае рашэнне аб пераназванні вуліцы Берсана ў вуліцу Эдварда Вайніловіча. Як адзначыў Кураш, з просьбай аб пераназванні вуліцы ў Менгарвыканкам звярнуліся прадстаўнікі рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі. Эдвард Вайніловіч – вядомы ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя магнат і мецэнат, які падтрымліваў беларускі незалежны рух, 11 чэрвеня 2006 года ён быў перапахаваны ў менскім касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). За свае грошы Вайніловіч пабудаваў яго ў 1910 годзе.
На просьбу прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, безназоўны праезд ад вуліцы Каліноўскага да Менскай кальцавой аўтадарогі сёння называецца «Вуліца Всехсвятская». Дадзеная вуліца будзе дарогай да храму-помніку «У гонар усіх святых і нявінна забітых у Бацькаўшчыне нашай», які цяпер будуецца.