BE RU EN

Зрабіць правільны выбар

  • 26.09.2007, 16:48

Сябры аргкамітэта Еўрапейскага Марша правялі сёння экстраную прэс-канферэнцыю ў сувязі з арыштам старшыні аргкамітэта, намесніка Партыі БНФ Віктара Івашкевіча. Праз дваццаць хвілін пасля пачатку прэс-канферэнцыі Віктар Івашкевіч быў вызвалены з залы суду. "Старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша вызвалены, дзякуючы энергічнай рэакцыі журналістаў, праваабаронцаў лідэраў апазіцыі і дыпламатаў", – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97, удзельнік перамоўнай групы аргкамітэта Еўрапейскага Марша Андрэй Саннікаў.

Сябры аргкамітэта Еўрапейскага Марша выказалі пратэст у сувязі з арыштам Віктара Івашкевіча і заявілі, што рэпрэсіі супраць апазіцыі недапушчальныя на фоне заяў афіцыйных улад аб гатоўнасці нармалізаваць стасункі з Еўразвязам.

"Віктар Івашкевіч правёў ноч ва ўпраўленні ўнутраных спраў Першамайскага раёна Менска. Відавочна, што ўлады мелі намер падчас гэтай спецаперацыі дыскрэдытаваць палітыка. Менавіта таму яны сачылі за кожнага яго крокам. Ёсць дадзеныя, што амапаўцы ведалі, што палітыкі збіраюцца пайсці ў кафэ, дзе яны даволі сціпла збіраліся адзначыць дзень нараджэнні Віктара Івашкевіча. Грамадскага парадку яны не парушалі, алкагалёвымі напоямі не злоўжывалі і ў самім кафэ, і тым больш на вуліцы. Палітыкі нават не паспелі выйсці на вуліцу, як іх схапілі. У бытавых сітуацыях людзей затрымлівае звычайны міліцэйскі патруль, а зусім не аўтобус з амапаўцамі. Дарэчы, па словах Віктара Івашкевіча, амапаўцы паводзілі сябе даволі прыстойна і тлумачылі свае паводзіны наступным чынам: "Вы зразумейце нас, у нас таксама ёсць сем'і, дзеці, і мы павінны выконваць загад". Інакш кажучы, мела месца палітычная замова. Мы адназначна заяўляем: улады крок за крокам ідуць у памылковым кірунку. Перад імі абсалютна ясная, чорна-белая дылема: або яны адказваюць на еўрапейскія прапановы адназначнымі крокамі вяртання ў Беларусь свабоды і дэмакратыі, або яны заводзяць краіну і саміх сябе ў тупік. Рэпрэсіі супраць апазіцыі – гэта тупіковы шлях", – заявіў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Міжнародны каардынатар Хартыі’97, сябра перамоўнай групы аргкамітэта Еўрапейскага Марша Андрэй Саннікаў нагадаў, што Віктар Івашкевіч не аднойчы заяўляў, што дыялог улады і апазіцыі ў Беларусі, які дапаможа наблізіць Беларусь да Еўразвяза, спрабуюць сарваць расейскія спецслужбы.

"Віктар Івашкевіч не аднойчы казаў, што расейскія спецслужбы будуць спрабаваць сарваць і дыялог, і Еўрапейскі Марш. І вось, выпадкова ці не, учора ў Менск прыехаў лідэр "Партыі адраджэння Расеі" Генадзь Селязнёў. У гэты ж дзень арыштоўваюць Віктара Івашкевіча. Я думаю, што гэта як раз даказвае здагадкі Віктара Івашкевіча. Я таксама размаўляў з ім па тэлефоне, і Віктар выказаў здзіўленне тым, што ў адказ на сур'ёзныя прапановы дэмакратычных сілаў па дыялогу, ладзяцца такія дробныя гадасці. Яшчэ ўчора ўвечары інфармацыя пра затрыманне Віктара Івашкевіча была перададзеная ў Брусэль. Я гэтымі днямі вярнуўся з Брусэля, і магу сказаць, што там сур'ёзна ставяцца да прапаноў апазіцыі па дыялогу і ініцыятыве правядзення Еўрапейскага Марша, і будуць уважліва сачыць за тым, як пройдзе акцыя. Я хацеў бы дадаць, што Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі вельмі жорсткія санкцыі супраць беларускіх службоўцаў. Еўразвяз жа пакуль толькі захоўвае рэжым візавых санкцый. Цяпер жа, пасля арышту людзей, якія падтрымліваюць еўрапейскі кірунак, усё можа змяніцца", – заявіў Андрэй Саннікаў.

Прадстаўнік Руху "За Свабоду!" Аляксандр Жучкоў ад імя лідэра руху Аляксандра Мілінкевіча выказаў пратэст у сувязі з арыштам Віктара Івашкевіча, а таксама заявіў, што Аляксандр Мілінкевіч гатовы ўзначаліць аргкамітэт Еўрапейскага Марша ў выпадку, калі Івашкевіч будзе змешчаны пад варту.

На думку лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, "адказам на правакацыі супраць апазіцыйных лідэраў будзе яшчэ большая згуртаванасць аб'яднаных дэмакратычных сілаў у рэалізацыі сваіх мэтаў і задач – правядзенні Еўрапейскага і Сацыяльнага Маршаў".

Лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін адзначыў, што сёння ў Беларусі "праваахоўныя органы ператварыліся ў прыладу злачыннай дзейнасці".

"На маіх вачах учора ў аддзяленні міліцыі афіцэр загадваў амапаўцам пісаць пратаколы і фактычна "прызначаў" іх сведкамі таго, што Віктар Івашкевіч нібыта распаўсюджваў улёткі да Еўрапейскага Марша. Адны людзі ў пагонах сёння даюць злачынныя загады, а другія іх выконваюць", – адзначыў Калякін.

"Прэвентыўныя затрыманні адбываюцца ўжо не ўпершыню. Сфальсіфікаваныя пратаколы таксама для нас ужо звыклыя. Адно нечаканае – Івашкевіча затрымалі за 20 дзён да Еўрапейскага Марша. Арышт Івашкевіча сведчыць пра тое, што падрыхтоўка да Еўрапейскага Марша ідзе паспяхова і камусьці гэта не падабаецца", – адзначыў адзін з лідэраў "Маладога Фронту" Зміцер Хведарук.

Нягледзячы на арышт Віктара Івашкевіча, сябры аргкамітэта Еўрапейскага Марша заявілі, што маюць намер працягваць настойваць на дыялогу ўлады і апазіцыі дзеля нармалізацыі стасункаў з Еўропай. Даволі дзіўным у сувязі з гэтым выглядала заява намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Рынкевіча.

"Віктар Івашкевіч да апошняга быў прыхільнікам дыялогу, кантактаў з адміністрацыяй прэзідэнта, а яго арышт паказаў, што ніякага дыялогу не атрымаецца. Дыялог, мабыць, давядзецца весці праз пракуратуру, суды або нават міжнародны трыбунал. Нам, мабыць, давядзецца перагледзець стратэгію, магчыма, трэба ісці па сцэнары больш жорсткай стратэгіі", – заявіў Ігар Рынкевіч.

Тым не менш, ініцыятыва не была падтрыманая астатнімі апазіцыйнымі лідэрамі.

"Мы маем намер весці дыялог з тымі, хто працягвае цвяроза думаць, у каго ёсць пачуццё патрыятызму, і хто задумваецца пра сваю будучыню. Таму мы будзем зноў і зноў казаць пра тое, што краіна апынулася ў крытычнай сітуацыі, што Беларусь – наш агульны карабель. І, калі хтосьці не хоча выступаць у ролі "пацука", то ён павінен разам з намі думаць пра тое, як выратаваць гэты карабель", – заявіў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Апошнія навіны