BE RU EN

Прадпрымальнікі гатовыя ў кастрычніку спыніць працу

  • 27.09.2007, 0:03

Прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынках Слоніма (Гарадзенская вобласць), маюць намер 1 кастрычніка часова спыніць працу. Як паведаміў БелаПАН сябра савета РГА "Перспектыва" Віктар Марчык, папярэдняе рашэнне наконт гэтага было прынятае на сходзе, які адбыўся 26 верасня на цэнтральным рынку горада. У ім узялі ўдзел каля 50 прадпрымальнікаў, якія гандлююць на трох мясцовых рынках.

Па словах В.Марчыка, падставай для акцыі паслужылі кантрольна-рэйдавыя праверкі падатковых органаў, якія прыкметна пачасціліся напярэдадні свята горада, прызначанага ў Слоніме на 6 кастрычніка. У сваю чаргу, як адзначыў актывіст РГА "Перспектыва", такія праверкі ўсё часцей канчаюцца вынясеннем штрафных санкцый і канфіскацыяй тавару. "Кожны прадпрымальнік прымаў рашэнне за сябе. Мы сустрэліся з прадстаўнікамі мясцовай падатковай інспекцыі, яны растлумачылі нам заканадаўства і сказалі, што праверкі будуць працягвацца. У сувязі з гэтым прадпрымальнікі прынялі рашэнне часова прыпыніць сваю дзейнасць, каб захаваць свой тавар і грошы", – сказаў В.Марчык. Пры гэтым ён удакладніў, што гаворка ідзе не пра страйк, а менавіта пра змушанае часовае спыненне працы з няплатай падаткаў у бюджэт за дадзены час.

Старшыня савета РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка заявіў БелаПАН, што планаваная з боку прадпрымальнікаў форма пратэсту ў Слоніме з'яўляецца навочным прыкладам таго, што здараецца, калі ўлады не хочуць знаходзіць кампраміс з прадпрымальнікамі. "Знайсці грошы любой цаной – гэта не для прадпрымальнікаў. Яны не тыя людзі, якія будуць доўга цярпець", – адзначыў А.Шумчанка.

Апошнія навіны