BE RU EN

Рада ААН па правах чалавека – супраць гвалтоўных знікненняў

  • 27.09.2007, 10:30

26 верасня ў Жэневе, у рамках Шостай сесіі Рады ААН па правах чалавека, адбыўся афіцыйны запуск кампаніі Міжнароднай кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў па лабіяванні Канвенцыі ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў.

З прывітальным словам перад удзельнікамі мерапрыемства выступіў прэзідэнт Рады па правах чалавека Дору Кастэа. Слова таксама ўзялі: віцэ-прэзідэнт Рады па правах чалавека Алехандра Артусьё, амбасадары Францыі, Марока і Японіі ў ААН, прадстаўнікі Міжнароднай кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў.

Усе выступоўцы адзначылі важную ролю родных і блізкіх недобраахвотна зніклых людзей, без якіх прыняцця Канвенцыі ААН для абароны ад гвалтоўных знікненняў не адбылося б. Тыя, хто ўзяў слова заклікалі тыя краіны, якія яшчэ не падпісалі Міжнародную канвенцыю, неадкладна паставіць свой подпіс пад ёй, а дзяржавы, якія яе падпісалі – ратыфікаваць.

Міжнародная кааліцыя супраць гвалтоўных знікненняў была створаная ў траўні 2007 года ў Парыжы. У яе ўвайшлі такія арганізацыі, як: «Міжнародная Амністыя», Human Rights Watch, FEDEFAM (Лаціна-Амерыканская Федэрацыя сваякоў зніклых людзей), Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа, Міжнародная асацыяцыя юрыстаў, грамадзянская ініцыятыва «Мы памятаем».

Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў загадвае дзяржавам-сябрам ААН прымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры ў мэтах прадухілення і спынення актаў гвалтоўнага знікнення. Яна забараняе існаванне сакрэтных турмаў і абавязвае паведамляць сем'ям пра лёс іх затрыманых сваякоў. Дакумент прадугледжвае стварэнне спецыяльнага камітэта па гвалтоўных знікненнях, які будзе разглядаць даклады краін-удзельніц і скаргі прыватных асоб. У новым дакуменце падкрэсліваецца, што пры пэўных акалічнасцях гвалтоўныя знікненні могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавечнасці. У гэтай якасці яны падпадаюць пад юрысдыкцыю міжнароднага крымінальнага права.

Канвенцыя ўступае ў сілу на трыццаты дзень пасля здачы на захоўванне Генеральнаму сакратару ААН 20-ай ратыфікацыйнай граматы або дакумента аб далучэнні.

Апошнія навіны