BE RU EN

Беларусь можа стаць сябрам Еўразвяза

  • 30.09.2007, 14:36

Беларусь і Украіна маюць магчымасць стаць сябрамі Еўразвяза, лічыць сябра Ландстагу Паўночнай Рэйн-Вестфаліі (Нямеччына) Вернер Естмайер. Такую думку нямецкі палітык выказаў на пленарным паседжанні партнёрскай канферэнцыі "Разам будуем агульнаеўрапейскі дом" 29 верасня ў Кіеве.

Ён перакананы, што пры пэўных умовах развіцця дэмакратычнага грамадства ў дзвюх краінах, Украіна і Беларусь атрымаюць магчымасць стаць сябрамі аб'яднанай Еўропы. Пры гэтым ён адзначыў вялікую ролю грамадзянскіх ініцыятыў у будаўніцтве партнёрскіх стасункаў паміж краінамі.

У сваім выступе на пленарным паседжанні адзін з кіраўнікоў Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (ММАЦ) доктар Астрыд Зам адзначыла, што "ў недзяржаўных грамадскіх арганізацый Беларусі ёсць пэўныя складанасці". "Некаторыя з іх улады лічаць апазіцыйнымі, таму на іх робіцца некаторы ціск, – адзначыла яна. – Існуе раскол у грамадстве, у тым ліку і паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі".

Доктар Зам адзначыла, што ў Беларусі некалькі гадоў рэалізуецца федэральная праграма падтрымкі недзяржаўных грамадскіх арганізацый і прапанавала стварыць такую праграму і для ўкраінскіх арганізацый, абапіраючыся пры гэтым на досвед Беларусі.

"Я спадзяюся, што дадзеная канферэнцыя паслужыць умацаванню і далейшаму развіццю трохбаковых стасункаў, і мы занясем вялікі ўклад у стварэнне еўрапейскай грамадзянскай супольнасці, без якой у Еўразвяза, як палітычнага праекту, няма будучыні", – перакананая А.Зам.

Канферэнцыя "Разам будуем агульнаеўрапейскі дом" праходзіць у Кіеве з 28 верасня па 2 кастрычніка. У ёй бяруць удзел каля 300 прадстаўнікоў розных няўрадавых арганізацый і фондаў з Нямеччыны, Украіны і Беларусі.

Апошнія навіны