BE RU EN

Прадпрымальнікі збіраюцца баставаць

  • 30.09.2007, 19:12

"Аднадзённая забастоўка прадпрымальнікаў 2 кастрычніка адназначна адбудзецца", — заявіў БелаПАН старшыня арганізацыйнага камітэта па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў. Нагадаем, рашэнне аб правядзенні агульнанацыянальнай аднадзённай папераджальнай забастоўкі 2 кастрычніка было прынята 10 верасня на ўстаноўчай канферэнцыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва", якая прайшла ў Мінску.

Паводле слоў В.Гарбачова, штуршком да правядзення забастоўкі паслужыла прыняцце ўказа № 760, згодна з якім, пачынаючы з 1 студзеня 2008 года індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) не могуць прыцягваць наёмных работнікаў за выключэннем членаў сям'і і блізкіх сваякоў. Пры гэтым застаецца ў сіле абмежаванне колькасці работнікаў у ІП да трох чалавек. "Апошняй кропляй у цярпенні ІП сталі летнія масавыя праверкі на рынках, неабгрунтаваныя штрафныя санкцыі і арышты тавараў. Гэтыя рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў і нежаданне іх прыслухацца да ІП прывялі да таго, што мы вымушаны пайсці на крайнія меры па адстойванні нашых правоў і інтарэсаў", — сказаў лідэр прадпрымальніцкага руху.

На яго думку, да забастоўкі ІП падштурхнула таксама адсутнасць у краіне закона аб малым і сярэднім бізнесе. "Людзі ні ў што не вераць, не разумеюць, якія ў нас існуюць указы і дэкрэты, і на падставе чаго яны працуюць. Няма дакладнага і зразумелага заканадаўства. ІП хочуць мець адзін кампактны, зразумелы, а, галоўнае, доўгатэрміновы закон", — лічыць В.Гарбачоў.

Паводле звестак арганізатараў забастоўкі, у ёй возьмуць удзел каля 30—40 тысяч ІП з 32 гарадоў Беларусі. Як паведаміў В.Гарбачоў, правядзенне забастоўкі 2 кастрычніка падтрымалі ўсе рэспубліканскія і рэгіянальныя прадпрымальніцкія грамадскія аб'яднанні за выключэннем РГА Перспектыва".

"Самае галоўнае – у нашых радах ёсць разуменне і кансалідацыя. І забастоўка 2 кастрычніка дасць штуршок далейшаму яднанню ўсіх нашых структур без вылучэння нейкага лідэра", — падкрэсліў В.Гарбачоў. Ён таксама адзначыў, што калі ўказы 760 і 302 не будуць перагледжаны або адменены, дык надалей, акрамя аднадзённай, ІП будзе разгледжана пытанне аб правядзенні рэспубліканскай шматдзённай забастоўкі з нявыплатай падаткаў.

Апошнія навіны