BE RU EN

Год страчаных магчымасцяў

  • 14.01.2008, 16:32

Заява Міністэрства замежных спраў пра выхад стасункаў Беларусі і Еўразвяза на якасна новы ўзровень – адкрытая выдумка, лічыць міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў. «Незразумела, якую мэту пераследуе беларускі МЗС, робячы такія заявы, бо іх нават складана назваць напалову праўдай. Гэта адкрытая выдумка і спроба намаляваць карцінку, якой ў прыродзе не існуе. Ці тое МЗС такім чынам спрабуе сябе ўпэўніць, што ўсё добра, ці тое хоча паказаць Лукашэнку, як яны добра працуюць на словах», – лічыць Саннікаў.

Нагадаем, што сёння прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў заявіў, што мінулы год адкрыў магчымасці для вываду стасункаў Беларусі і Еўрапейскага Звязу на якасна новы ўзровень. Паводле яго слоў, у 2007 годзе адбыўся абмен візітамі афіцыйных асоб Еўрапейскага Звязу і Беларусі, у тым ліку «на ўзроўні ўрада Беларусі і кіраўніцтва міністэрства замежных спраў, праведзеныя кансультацыі і перамовы па розных кірунках двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва, адбыліся сумесныя семінары і канферэнцыі па тэмах агульнага інтарэсу».

«Насамрэч не было ніякіх афіцыйных візітаў ні з аднаго, ні з другога боку. Былі вельмі абмежаваныя працоўныя кантакты, і казаць пра выхад на новы ўзровень стасункаў таксама не прыходзіцца. Прычына гэтага вядомая: адсутнасць у краіне дэмакратыі, пераслед іншадумцаў, рэпрэсіі супраць палітычных партый і грамадзянскай супольнасці, жорсткі кантроль за СМІ. А асноўная перашкода – гэта, безумоўна, наяўнасць у Беларусі палітвязняў, колькасць якіх пасля 10 студзеня павялічылася ў некалькі разоў, што і падвергнулася рэзкай крытыцы з боку афіцыйнага Брусэля. Заява МЗС наўпрост ўводзіць у зман грамадзян Беларусі, бо нават адкрыццё прадстаўніцтва ЕЗ тармозіцца самімі ўладамі», – сцвярджае Саннікаў.

Пры гэтым, па словах Саннікава, сувязі дэмакратычных сілаў з лідэрамі дэмакратычных дзяржаў, насупраць, працягваюць умацоўвацца. Лідэраў апазіцыі прымаюць на самым высокім узроўні і ў ЗША і ў Аб'яднанай Еўропе.

«Калі неяк характарызаваць мінулы год з пункту гледжання ўзаемаадносінаў Беларусі і ЕЗ, то яго можна назваць годам страчаных магчымасцяў. Летась упершыню апазіцыя прапанавала ўладзе адкрыты дыялог для таго, каб пазбегнуць эканамічных цяжкасцяў у краіне і ўмацаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Гэта і магло б стаць пачаткам паляпшэння стасункаў Беларусі і ЕЗ. Аднак улады дбайна сцерагуць рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі, і спрабуюць спраўляцца з эканамічнымі праблемамі такімі спосабамі, якія непазбежна прывядуць не да эвалюцыі, а да краху ўладнай сістэмы», – адзначае дыпламат.

Прэс-сакратар МЗС сёння таксама заявіў, што афіцыйны Менск спадзяецца на «далейшую актывізацыю і пашырэнне стасункаў з Еўрапейскім Звязам па такіх узаемавыгадных кірунках, як энергетыка і энергаэфектыўнасць, транспарт і транзіт, прыродаахоўная дзейнасць, узаемадзеянне мытных і памежных службаў, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і іншых».

«Ні пра якія сур'ёзныя гутаркі па гандлёва-эканамічных стасунках з аб'яднанай Еўропай не можа быць гаворкі. У тым ліку і па пытаннях энергетыкі, бо нават дзеля ўласнай бяспекі еўрапейцы не будуць мець спраў з закрытай рэпрэсіўнай сістэмай проста таму, што не захочуць падвяргаць рызыцы свае інвестыцыі. У той самы час мы бачым, што ўсе суседнія з намі краіны настойліва вядуць пошукі паставак альтэрнатыўных энерганосьбітаў і дамагаюцца ў гэтым поспеху», – адзначае Саннікаў.

Міжнародны каардынатар Хартыі’97 нагадаў, што першая найважнейшая ўмова развіцця стасункаў Беларусі з ЕЗ – гэта вызваленне палітвязняў і спыненне палітычных рэпрэсій. «Пасля гэтага можна будзе разглядаць іншыя крокі для паляпшэння стасункаў з Еўропай. У гэтым выпадку можна было б размаўляць у прыватнасці пра паніжэнне кошту ўязных віз для Беларусі», – лічыць Саннікаў.

Апошнія навіны