Прадпрымальнікі выйдуць на вуліцы 21 студзеня а 12 гадзіне
- 15.01.2008, 14:59
21 студзеня а 12 гадзіне прадпрымальнікі зноў выйдуць на Кастрычніцкую плошчу. Гэтым разам яны маюць намер пратэставаць не толькі супраць дыскрымінацыйнага ўказу №760, але і ў адказ на неапраўдана жорсткую рэакцыю ўлад на акцыю пратэсту 10 студзеня. Пра гэта паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.
Паводле яго слоў, “10 студзеня людзі, сабраўшыся на Кастрычніцкай плошчы, спадзяваліся пачуць нейкую пэўную аргументацыю ад улад з нагоды такой непахіснай пазіцыі па ўказе №760 або, як мінімум, адказ на пытанне, як ім жыць у гэтых умовах далей. Але ўлада адказала рэпрэсіямі, арыштамі лідэраў прадпрымальніцкага руху, пагрозамі ліквідацыі прадпрымальніцкіх структур. Таму сёння было пацверджанае рашэнне, прынятае людзьмі на Плошчы – 21 студзеня а 12 гадзіне мы павінны зноў выйсці на Кастрычніцкую плошчу”, – заявіў Віктар Гарбачоў.
Ён паведаміў, што ў рэгіёнах у гэты дзень таксама пройдуць акцыі пратэсту. “У адсутнасць большасці лідэраў, якія знаходзяцца за кратамі, цяпер рэгіянальныя структуры самі сталі выказваць ініцыятыву на месцах і прымаць рашэнні, як пра ўдзел у акцыях пратэсту, так і пра працяг страйку – у шэрагу месцаў страйк працягнецца да вызвалення ўсіх удзельнікаў”, – сказаў Гарбачоў.
Лідэр прадпрымальнікаў таксама пацвердзіў інфармацыю пра тое, што з 1 лютага страйк прадпрымальнікаў будзе працягнуты. “Цяпер некаторыя з тых, хто страйкуе, выказалі намер выйсці на працу на тыдзень–другі. Але тут рашэнне прымаецца на ўзроўні рэгіянальных структур, а часам і асабіста кожным. Бо раней гаворка ішла пра двухтыднёвы страйк з 1 да 15 студзеня. Аднак цяпер мы дамовіліся пра працяг ужо бестэрміновага страйку з 1 лютага, калі да гэтага часу нічога не змяніцца ў пазіцыі ўлад”, – падкрэсліў Гарбачоў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што праз тыдзень пасля акцыі 10 студзеня з боку ўлад, акрамя непахвальных выказванняў у свой адрас прадпрымальнікі так і не пачулі нічога пэўнага пра свой далейшы лёс, таму ім не застаецца нічога, як дамагацца захавання іх правоў праз акцыі пратэсту. “Мы так і не дачакаліся адказу на пытанне, як дзяржава мае намер вырашаць гэтую праблему. Можа, даведаемся 21 студзеня”, – зазначыў Віктар Гарбачоў.
Лідэр кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” падкрэсліў, што гэтым разам людзі маюць намер патрабаваць не толькі мараторыя на дыскрымінацыйны указ №760, які знішчае практычна ўвесь малы бізнэс краіны, але пратэставаць супраць рэпрэсій з боку ўлад па дачыненні да актывістаў прадпрымальніцкага руху, парушэння правоў і свабодаў у краіне.
Нагадаем, гэта будзе ўжо трэцяя акцыя пратэсту прадпрымальнікаў за апошнія тры месяцы. Акцыі, якія адбыліся 10 снежня і 10 студзеня скончыліся арыштамі лідэраў прадпрымальніцкага руху. А 10 студзеня былі затрыманыя і арыштаваныя 23 чалавекі, пры гэтым большасць з іх жорстка збівалі амапаўцы пры затрыманні альбо па дарозе ў міліцыю ў аўтазаках.