BE RU EN

Міліцыянты ездзяць «зайцам»

  • 16.01.2008, 8:44

Беларускія міліцыянты адмаўляюцца плаціць за праезд у грамадскім транспарце, спасылаючыся на ўказ прэзідэнта ад 1995 года.

У той самы час кантралёры спасылаюцца на закон аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, прыняты летась, у якім не гаворыцца пра тое, што супрацоўнікам міліцыі даюцца льготы на праезд у грамадскім транспарце.

"Большасць з міліцыянтаў плаціць адмаўляюцца. Мы і просім іх, і саромім: дзеці маленькія плацяць, а вы, мужыкі здаровыя, адмаўляецеся. Часам ім становіцца сорамна", – распавялі "Комсомольской правде в Беларуси" ў менскім метрапалітэне.

У міністэрстве транспарту адзначаюць, што ўказ прэзідэнта ад 1995 года ніхто не адмяняў. "Таму супрацоўнікі міліцыі пакуль ездзяць бясплатна", – растлумачылі ў міністэрстве.

На сёння працягвае дзейнічаць прэзідэнцкі ўказ №403 ад 1995 года, у якім гаворыцца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў у грамадскім транспарце ездзяць бясплатна па спецыяльным знаку. У той самы час у законе аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, прынятым летась, не гаворыцца, што міліцыянты могуць ездзіць бясплатна, нагадвае «Тэлеграф».

"Трэба даць час, каб старая нарматыўная база была падведзеная пад новую. Я асабіста за праезд плачу", – сказаў у інтэрв'ю "КП в Беларуси" начальнік УІГС МУС Алег Слепчанка.

"Ёсць законапраект, які знаходзіцца на стадыі сцвярджэння. Згодна з ім некаторых супрацоўнікаў міліцыі – аператыўных працаўнікоў, супрацоўнікаў, якія адказваюць за грамадскі парадак на вуліцах горада, – могуць вылучыць у асобную катэгорыю і даць ім спецыяльны знак для бясплатнага праезду", – растлумачыў прадстаўнік МУС.

Апошнія навіны