BE RU EN

Усё – на продаж?

  • 16.01.2008, 16:20

Беларусь плануе з лютага прадаваць увесь аб'ём здабытай у краіне нафты. Такое рашэнне звязанае з неабходнасцю выканання канцэрнам "Белнафтахім" даведзенага ўрадам паказчыку сальда знешняга гандлю.

"Для стварэння магчымасцяў экспарту максімальнага аб'ёму здабытай нафты ўрад Беларусі пралангіраваў ранейшыя памеры выдзялення дзяржсубсідый нафтаперапрацоўшчыкам, што стымулюе працу расейскіх давальніцкіх кампаній на беларускім рынку", – паведаміла ПРАЙМ-ТАСС крыніца ў органах дзяржупраўлення.

Беларусь здабыла ў 2007 годзе 1,760 млн. тон нафты. З гэтага аб'ёму на беларускія НПЗ было пастаўлена, па папярэдніх ацэнках, каля 700 тыс. тон. ПА "Беларуснафта" летась змушанае было згарнуць экспарт беларускай нафты на некалькі месяцаў у сувязі з адмовай расейскіх давальніцкіх арганізацый ад пастаўкі нафты ў Беларусь, як следства, недахопам у заводаў фінансавых рэсурсаў для закупу аб'ёмаў нафты, якія ўзраслі.

Толькі пасля стварэння стымулаў для прытоку нафты ад давальніцкіх кампаній беларускі бок здолеў аднавіць экспарт нафты. У верасні 2007 года беларуская нафта на "Нафтан" не пастаўлялася, а на Мазырскі НПЗ было накіраванае ўсяго 458 тон.

"Беларуснафта" планавала ў 2007 годзе паставіць на экспарт 1,3 млн тон нафты. Такі экспартны аб'ём быў узгоднены ў рамках агульнага балансу паліўна-энергетычных рэсурсаў так званай «саюзнай дзяржавы». У 2008 годзе аб'яднанне плануе здабыць 1,7 млн тон нафты.

Урад Беларусі з жніўня 2007 года ўвёў падвышаны памер дзяржсубсідыі для яе пастаўшчыкоў – 130% ад узроўню расейскай спецпошліны на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Для перапрацоўшчыкаў трубавай нафты памер дзяржсубсідыі ўсталяваны на ўзроўні 110%.

Урад ставіў задачу перад "Белнафтахімам" забяспечыць па выніках 2007 года станоўчае сальда ў аб'ёме 4 млрд даляраў. Па папярэдніх ацэнках, па выніках года сальда склала каля 3 млрд даляраў. Задачы па забеспячэнні канцэрнам станоўчага сальда на 2008 год пакуль удакладняюцца.

Апошнія навіны