BE RU EN

Студэнты адзначылі Дзень «зайца» (Фота)

  • 18.01.2008, 8:38

17 студзеня ў Менску каля 100 студэнтаў адзначылі флэш-мобам месяц з дня прыняцьця закону аб скасаваньні льготаў. Яны сабраліся на пляцоўцы каля помніка А.Пушкіну ў масках зайцоў і пратэставалі супраць адмены льготаў.

Удзельнікі флэш-мобу прачыталі клятву, у якой, між іншым, гаворыцца:

“Я – студэнт, клянуся ва ўсіх транспартных сродках і, па магчымасьці, у мэтро езьдзіць бясплатна. І патрабаваць ад нашага ўраду вяртаньня льготаў”.

Калі ўдзельнікі флэш-мобу ў масках зайцоў накіроўваліся да Палацу спорту, некалькі міліцыянтаў, якія пад’ехалі на машыне, раптам кінуліся іх даганяць. Яны схапілі некалькіх юнакоў, але потым адпусьцілі.

Удзельнікі флэш-мобу зноў сабраліся ў цэнтры Менску і ў масках зайцоў і без квіткоў праехалі да гандлёвага цэнтру “Карона”, дзе наладзілі фаервэрк. У тралейбусе ўдзельнікі флэш-мобу елі капусту і моркаўку.

“Мы вырашылі наладзіць флэш-моб, каб на нас зьвярнулі ўвагу. Мы хочам, каб нам вярнулі нашы льготы. Мы цяжка жылі гэты месяц бяз льготаў. Мы мяркуем ладзіць такія акцыі штомесяц”, -- паведаміў “Радыё Свабода” адзін з удзельнікаў акцыі.

Апошнія навіны