BE RU EN

Інфляцыя расце, рубель абясцэньваецца

  • 18.01.2008, 9:36

Інфляцыя зноў актыўна з'ядае змесціва нашых кашалькоў. Толькі паводле афіцыйных дадзеных, у мінулым годзе яна перавысіла 12%, хоць прагназавалася на ўзроўні не больш як 8%. Асабліва хутка даражэла ўсё ў кастрычніку – снежні. З прыходам Новага года лягчэй пакупніку не стала. За першы тыдзень студзеня зноў выраслі адразу на 0,5% цэны на спажывецкім рынку. Ці варта чакаць іх хуткага ўтаймавання? З гэтым пытаннем camarade.biz звярнуўся да вядомага эканаміста Леаніда Злотнікава.

– Безумоўна, сваю ролю ў росце цэнаў сыграе цяпер традыцыйны сезонны фактар. Спажывецкія цэны заўсёды даволі прыкметна большаюць у канцы і пачатку года. Гэта адбываецца і цяпер.

Але сюды дадаецца і манетарны фактар. За апошнія два гады ВУП вырас у Беларусі прыкладна ў 1,2 разы, а грашовая маса – прыкладна ў 1,45 разоў. У першую палову мінулага года яе прырост у Нацыянальнага банка атрымлівалася стрымліваць. Але ў апошнім квартале шлюз прарвала. Толькі за мінулы снежань шырокая грашовая маса павялічылася на 6,5% да рэкордных 23,8 трыльёнаў рублёў. Гэта таксама немалаважны фактар паніжэння пакупніцкай здольнасці беларускага рубля.

Акрамя таго, ужо каля дзесятка гадоў рост заработнай платы ў нашай краіне абганяе рост ВУП. Летась тэндэнцыя захавалася. Калі ВУП вырас на 8,1%, то зарплата прыкладна на 15%. То бок, матэрыяльная вытворчасць і тут не збалансаваная з грашовым абаротам. Натуральна, што грошы абясцэньваюцца.

Паўплываў і рост цэн на сусветным рынку на імпартаваныя ў нашу краіну нафту, газ, металы, камплектуючыя. Разам з гэтымі рэсурсамі і таварамі для вытворчага спажывання мы імпартуем з-за мяжы і інфляцыю. Цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі павялічыліся ў мінулым годзе на 17,1%, што ўрэшце рэшт адбілася і на росце спажывецкіх цэн.

Інфляцыю трохі тармозіць прывязка беларускага рубля да даляра, які падае. Дзякуючы гэтаму стрымліваюцца цэны на імпартныя тавары і паслугі ў нацыянальнай валюце. Па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваюцца ўрадам і меры дзяржаўнага рэгулявання коштаўтварэння.

Аднак гэтых фактараў недастаткова, каб збіць цяперашні рост цэн на спажывецкім рынку. Паніжэння ўзроўню інфляцыі не прыходзіцца чакаць да вясны.

Апошнія навіны