Менскія банкаматы адмовіліся выдаваць грошы
- 18.01.2008, 9:50
Менскія банкаматы апошнімі днямі не працавалі. Затое спраўна спісвалі грошы з рахункаў.
«Дзякуй! Забярыце вашу карту», – ветліва выплюнуў мой пластык банкамат у аўторак увечары. А дзе ж мае 350 000 рублёў?! Устаўляю картку яшчэ раз і, на ўсялякі выпадак, удакладняю астатак. Мінус 350 тысяч! Радуючыся, што знаходжуся ў аддзяленні банка, а на не забытай богам вуліцы, падыходжу да мілавіднай дзяўчыны, піша журналістка Вольга Анціпенка ў газеце “Комсомольская правда в Беларуси”.
– А мы вось з маладым чалавекам стаім і назіраем: атрымаеце вы грошы ці не, – разводзіць рукамі служачая банку. – Яму таксама банкамат грошай не даў, ён цяпер у галаўны офіс тэлефануе, можаце далучыцца.
– І часта ваш апарат так сябе вядзе?
– А сёння, мабыць, збой па ўсёй сетцы, да нас і з вуліцы ўжо людзі прыходзілі.
Між іншым, малады чалавек, мой сябар па няшчасці, чакае «злучэння з аператарам».
– Ці тое ў іх там адзін аператар застаўся (час – 18.32. – Аўт.), ці тое цяпер туды тэлефануе паўгорада, – каментуе ён. – Вось атрымоўвалі раней грошы ў касе, як людзі, і праблем не было!
– І чэргі выстойвалі! – устае на абарону тэхналогій банкаўская служачая.
– Якія чэргі? У маёй фірме ўсяго 60 чалавек працуе, – парыруе малады чалавек.
Хвілін праз сем яго нарэшце звязваюць з аператарам. Увесь гэты час я набіраю з мабільнага нумары тэлефонаў, надрукаваныя на картцы, – занята.
Праз хвіліну трубку перадаюць мне.
– Прадыктуйце нумар вашай карты, – просіць дзяўчына. – А цяпер назавіце дзявоцкае прозвішча вашай маці.
– Якую суму здымалі?
– Трыста тысяч.
– Трыста пяцьдзесят, – удакладняе аператар. – У нас усё зафіксаванае. Заўтра пад'язджайце ў сваё аддзяленне банка, там вам скажуць, калі змогуць вярнуць грошы на рахунак.
На наступны дзень прыязджаю ў аддзяленне. Прастаяўшы ў чарзе, захаджу ў кабінет, дзе прымаюць па пытаннях абслугоўвання карт.
– А вы сёння рахунак правяралі? – адразу пытае дзяўчына.
– Не, мне і ў галаву не прыйшло.
– Спачатку праверце, а потым прыходзьце.
Тут жа ў калідоры адпраўляю SMS-запыт і высвятляю, што грошы вярнуліся!
Чаму банкаматы падманулі кліентаў?
– З усялякай тэхнікай – і з кампутарам, і з прасам – могуць здарацца збоі. Гэта машыны. Так адбылося і ў гэты аўторак, – распавёў супрацоўнік банка. – Проста паляцела праграмнае абсталяванне і трэба было абнавіць некаторыя праграмы.