BE RU EN

Зміцер Хведарук арыштаваны на 15 сутак

  • 18.01.2008, 13:11

Актывіст «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 15 сутак арышту. Учора яго затрымалі проста ў зале суду, куды ён прыйшоў падтрымаць актывістаў, затрыманых 16 студзеня, у Дзень салідарнасці.

Па словах відавочцаў, пры затрыманні Хведарука збівалі супрацоўнікі АМАПу. Яны схапілі Хвеларука на выхадзе з будынка суду і кінулі галавой аб пол міліцэйскага «варанка». Ногі маладога чалавека засталіся на асфальце і тады міліцыянты пачалі дзвярыма іх запіхваць у машыну.

Бацькі арыштаваных, якія прыходзілі на суды, пачалі крычаць на вуліцы, каб выратаваць маладога чалавека. Міліцыянты нікому не дазволілі наблізіцца да машыны. Невядома, у якім стане Зміцер. Нядаўна ён выпісаўся з шпіталя, дзе знаходзіўся з чэрапна-мазгавой траўмай пасля таго, як яго збілі спецназаўцы падчас разгону дэманстрацыі «За незалежнасць!» 12 снежня.

Сёння актывіста абвясцілі ў судзе вінаватым у «дробным хуліганстве» і прысудзілі да 15 сутак арышту. Прысуд вынесла суддзя Таццяна Паўлючук.

У Цэнтральным РУУС цяпер знаходзіцца і актывіст грамадзянскай кампаніі «Джынс – за Свабоду» Мікіта Шуцянкоў, якога міліцыянты таксама схапілі ўчора каля будынка суду. Суддзя адправіла пратакол на дапрацоўку.

Апошнія навіны