У Страсбуры абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі
- 22.01.2008, 9:17
Сёньня ў Страсбуры пройдзе паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі рады Эўропы (ПАРЭ).
Эўрапейскія дэпутаты разгледзяць папярэдні варыянт дакладу пра становішча ў Беларусі. Дакумэнт падрыхтаваў італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні – спэцыяльны дакладчык у справах Беларусі. Ён прыяжджаў у Менск летась у кастрычніку.
Ад Беларусі ў Страсбур запрасілі дзьве дэлегацыі. Афіцыйныя ўлады прадстаўляюць сябры так званага “нацыянальнага сходу” Натальля Андрэйчык і Аляксандар Архіпаў, апазыцыю – Вінцук Вячорка і Віктар Карняенка. Абедзьвюм дэлегацыям дадуць магчымасьць выкласьці свае погляды сябрам Паліткамітэту.
На пытаньне “Радыё “Свабода”, пра што ён зьбіраецца казаць эўрапейскім парлямэнтарам, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адказвае:
“Я пачну зь інфармацыі пра масавыя пасадкі моладзі. І пра тое, што цяпер на Акрэсьціна знаходзяцца лідэры прадпрымальнікаў, палітычных партыяў. І таксама моладзь – самая розная.
І што гэта ёсьць дастаткова ясны і недвухсэнсоўны сыгнал афіцыйных уладаў тым у Радзе Эўропы, хто слухаў іхныя байкі”.
Палітоляг Аляксандар Лагвінец лічыць сёньняшняе паседжаньне ў Страсбуры выразнай прыкметай таго, што ў Эўропе дагэтуль існуе цікавасьць да Беларусі:
“Робяцца самыя розныя спробы хоць неяк урэгуляваць беларускае пытаньне. Зразумела, што і ўлада жадае тут весьці сваю гульню, паколькі яна хоча легітымізаваць свой так званы заканадаўчы орган міжнароднай супольнасьцю.
Калі казаць пра зьмест дакладу спадара Рыгоні, дык той зьмест, зь якім я азнаёміўся, можна назваць даволі стрыманым. Канечне, у ім указваецца на пэўныя парушэньні правоў чалавека, хаця нават з дэклярацыяў спадара Рыгоні бачна, што ён хоча займець сабе, як і шмат хто зь іншых папярэдніх перамоўшчыкаў, ляўры чалавека, які знайшоў вырашэньне беларускага пытаньня. Хаця яно не такое ўжо і простае”.