BE RU EN

Пенсіянерку аштрафавалі за распаўсюд незалежных выданьняў

  • 22.01.2008, 15:38

Пенсіянерка з Барысава была затрыманая 20 студзеня ў Мінску ў пераходзе каля Камароўскага рынку за распаўсюд газэты «Народная воля». У торбе ў яе міліцыянты знайшлі таксама нумары выданьняў «Товарищ», «Наш выбор», некалькі асобнікаў «Свабоды Беларусі» і «Наш час».

Супрацоўнікі праваахоўных органаў даставілі Сьвятлану Данілаву ў пастарунак, дзе склалі на яе пратакол па арт. 23.34 КаАП — парушэньне ўстаноўленага парадку арганізацыі масавага мерапрыемства — на той падставе, што ў газэце «Наш выбар» утрымлівалася інфармацыя пра абвешчаны на 21 студзеня мітынг прадпрымальнікаў. Незалежныя выданьні былі канфіскаваныя, складзены пратакол выняцьця, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Нягледзячы на блытаніну ў паказаньнях сьведкаў-міліцыянтаў Сасноўскага В.В. і Сержана М.С., судзьдзя Савасьцян Л.А. прызнала пенсіянерку вінаватай у зьдзяйсьненьні правапарушэньня і пакарала штрафам у памеры 5 базавых велічыняў (175 тыс. руб.).

Абскарджваць пастанову Савецкага райсуду сталіцы Сьвятлана Іванаўна Данілава не бачыць сэнсу, бо не спадзяецца на справядлівасьць беларускага правасудзьдзя.

Апошнія навіны