BE RU EN

Падкамітэт ПАРЭ па Беларусі ачоліла Сініка Хурскайнэн

  • 23.01.2008, 9:25

22 студзеня быў абраны новы кіраўнік падкамітэту ПАРЭ ў справах Беларусі. Падкамітэт ачоліла Сініка Хурскайнэн – дэпутатка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ад Фінляндыі, якая замяніла на гэтай пасадзе эстонскага парлямэнтара Андрэса Хэркеля. Тым часам у Страсбуры завяршылася абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі на паседжаньні Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Спэцыяльны дакладчык гэтага камітэту па Беларусі, італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні прадставіў свой папярэдні даклад пра становішча ў краіне. Рыхтуючы яго, спадар Рыгоні ў кастрычніку 2007 году асабіста наведваў Менск. Рыгоні заявіў, што альтэрнатывы дыялёгу няма, паведамляе “Радыё Свабода”.

Прадстаўнікі беларускіх уладаў у Страсбуры казалі, што палітвязьняў у Беларусі няма, а прадстаўнікі палітычнай апазыцыі заявілі, што сытуацыя ў краіне з правамі чалавека ўвесь час пагаршаецца. Паседжаньне было адкрытым для любога дэпутата Парлямэнцкай асамблеі, які цікавіцца сытуацыяй у Беларусі. Такіх набралася каля 50 чалавек.

Экспэрты, якія азнаёміліся са справаздачай Андрэа Рыгоні, адзначаюць: параўнальна з дакладамі сваіх папярэднікаў – Хрыстаса Пургурыдэса і Андрэса Хэркеля яна выглядае значна мякчэйшай і больш стрыманай. Новы дакладчык у беларускіх справах прапануе і надалей весьці дыялёг зь Беларусьсю. Хаця і прызнае, што гэта нялёгкая справа.

Вінцук Вячорка, які непасрэдна ўдзельнічаў ва ўчорашняй дыскусіі ў Страсбуры зьвяртае ўвагу на тое, як разумеюць дыялёг прадстаўнікі беларускіх уладаў і як гэта прагучала ў выступе Натальлі Андрэйчык, якая выкладала на паседжаньні афіцыйны погляд:

“Ім хочацца дыялёгу з Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы, з Радай Эўропы. Але ні ў якім разе не з уласным народам і не з дэмакратычнымі сіламі. Адзінае слова, якое гучала ў спадарыні Андрэйчык, гэта – хуліганы на вуліцы. Я сказаў, што сёньня, пасьля студзеньскіх і сьнежаньскіх падзеяў, не выпадае гаварыць, пра зьмякчэньне стаўленьня да Беларусі”.

Віктар Карняенка, які разам зь Вінцуком Вячоркам прадстаўляе ў Страсбуры палітычную апазыцыю, паведаміў, што ў дэбатах выступалі сябры ПАРЭ з шэрагу краінаў. Самым эмацыйным і дакладным, паводле спадара Карняенкі, быў выступ Хрыстаса Пургурыдэса:

«Ён сказаў, што, на жаль, руху наперад у Беларусі няма, што гэта самая жорсткая дыктатура ў Эўропе. І што ня можа быць для Беларусі ніякіх другіх стандартаў, як тыя, што існуюць ва ўсёй Эўропе».

Напярэдадні ў Страсбуры абралі новага кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ім стаў прадстаўнік сацыялістаў Гішпаніі Люіс Марыя дэ Пюіг, які зьмяніў Рэнэ ван дэр Ліндэна зь Нідэрляндаў.

Апошнія навіны