Камунальныя паслугі даражэюць папярэдняй датай
- 23.01.2008, 12:07
У Беларусі падаражэлі паслугі ЖКГ. Прэм'ер-міністр Сідорскі падпісаў пастанову ўрада №69, паводле якой з 1 студзеня 2008 года падвышаецца кошт камунальных паслуг для насельніцтва. Праўда, вядома пра гэта стала толькі сёння.
Такім чынам, тарыф на паслугі па тэхабслугоўванні жылых дамоў складзе 240,3 рублёў у месяц за квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання (раней 225 рублёў у месяц).
Тарыфы на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння складуць 36 тысяч 355,5 рубля за 1 Гкал. Тарыф на халоднае водазабеспячэнне складзе 321,4 рубля за кубаметр (раней 257,1 рубля), на каналізацыю – 201,6 за кубаметр (раней 122,2 рубля), за вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адыходаў – 4005,2 за кубаметр (раней 3778,5 рубля), за карыстанне ліфтамі – 1184 з аднаго пражываючага ў месяц (раней 1117 рублёў).
Новы тарыф за электраэнергію зацверджаны ў памеры 116 рублёў за 1 квт.ч (раней 112 рублёў за 1 квт.ч). Аплата электраэнергіі ў жылых дамах (кватэрах), абсталяваных электраплітамі, складзе 84 рубля за 1 квт.ч.
Кошт прыроднага газу ў жылых дамах і кватэрах, а таксама ў садовых дамах, лецішчах з усталяванымі прыборамі індывідуальнага ўліку выдатку газу і пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў складзе ў ацяпляльны перыяд 172,7 рубля за кубаметр пры наяўнасці газавых воданагравальнікаў і 166,2 за кубаметр пры адсутнасці воданагравальнікаў. У летні перыяд цана адпаведна складзе 376 і 462 рубля за кубаметр.
У дамах і кватэрах без індывідуальных лічыльнікаў газу і пры наяўнасці газавай пліты і цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння або індывідуальнага воданагравальніка (за выключэннем газавага) кошт газу ўсталяваны ў памеры 3696 рублёў з аднаго пражываючага ў месяц. Калі ж у доме газавая пліта і газавы воданагравальнік (пры адсутнасці цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння), то аплата складзе 8648 рублёў з аднаго пражываючага.