У Польшчы разбіўся вайсковы самалёт
- 24.01.2008, 9:56
У Заходне-Паморскім ваяводстве Польшчы, недалёка ад горада Шчэцін, у сераду ўвечары разбіўся ваенна-транспартны самалёт тыпу CASA-295М. Загінулі ўсе пасажыры і члены экіпажа. У міністэрстве нацыянальнай абароны адзначаюць, што ў самалёце знаходзіліся вышэйшыя афіцэры ВПС Польшчы. Самалёт цалкам згарэў.
Як заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, які прыбыў на ваенную базу ў Міраславец, недалёка ад месца падзення самалёта, загінулі 20 чалавек – чатыры члены экіпажа і 16 вайскоўцаў, перадае РІА "Новости" са спасылкай на мясцовыя СМІ.
Сярод загінуўшых афіцэраў польскіх ВПС – камандзір першай брыгады тактычнай авіяцыі генерал Анджэй Анджэеўскі і камандзір базы ВПС у Міраслаўцы палкоўнік Ежі Пілат. Пра гэта паведаміў у чацвер прадстаўнік ВПС Польшчы, перадае ІТАР-ТАСС.
Паводле дадзеных Службы выратавання, самалёт разбіўся пры заходзе на пасадку. Лайнер упаў з вышыні 200 метраў і загарэўся ў ляску ў 800 метрах ад аэрадрома. Пасажыры самалёта былі ўдзельнікамі штогадовай канферэнцыі па бяспецы палётаў. На дадзены момант ратавальнікі знайшлі сем цел загінуўшых.
На месцы катастрофы самалёта знойдзеныя чорныя скрыні, паведамляе ў чацвер польскі тэлеканал ТВН24. Паводле інфармацыі прадстаўнікоў польскага войска, да катастрофы з гэтым самалётам, які быў зроблены ў Гішпаніі ў мінулым годзе, не здаралася ніякіх праблем. Больш за тое, гэта першая ў гісторыі катастрофа самалёта гэтага тыпу, перадае "Інтэрфакс".
Транспартны самалёт CASA-295М вырабляюць у Гішпаніі. Польшча эксплуатуе дзесяць лайнераў гэтага тыпу, якія могуць перавозіць да 78 чалавек.
Гэтая катастрофа стала самай вялікай па колькасці ахвяр у ваеннай авіяцыі Польшчы за апошнія 35 гадоў. У краіне абвешчаная агульнанацыянальная жалоба.
Магчымай прычынай катастрофы польскага ваенна-транспартнага самалёта CASA-295М стала зношанасць вузлоў і агрэгатаў з прычыны празмернай эксплуатацыі. Такую здагадку робіць уплывовая газета "Рэч Паспаліта". Выданне зважае, што рухавік самалёта апошні раз праходзіў планавы рамонт у лістападзе мінулага года, перадае ІТАР-ТАСС.