BE RU EN

ЗША падтрымаюць уступленне Украіны ў НАТА

  • 24.01.2008, 10:05

Дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс у сераду дала зразумець, што Вашынгтон падтрымлівае жаданне Украіны ўступіць у НАТА – да непазбежнай незадаволенасці Масквы.

Адзін з суправаджаючых Райс у Швейцарыі амерыканскіх службоўцаў паведаміў, што падчас неафіцыйнай сустрэчы ў Давосе, дзе цяпер праходзіць Сусветны эканамічны форум, Райс абмеркавала з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам унутрыпалітычную сітуацыю, а таксама жаданне Кіева далучыцца ў будучыні да альянсу, паведамляе Reuters.

"Дзяржсакратар яшчэ раз паўтарыла пазіцыю Вашынгтона адносна таго, што НАТА павінна пакінуць адчыненымі дзверы для тых еўрапейскіх дэмакратычных дзяржаў, якія адпавядаюць патрабаванням, што высоўваюцца для ўступлення ў блок", – паведаміў службовец пасля сустрэчы Райс з Юшчанкам.

Амерыканскі службовец паведаміў, што Юшчанка і Райс таксама абмеркавалі ход перамоваў аб далучэнні Украіны да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Украіна спадзяецца на падтрымку ЗША ў пытанні ўступлення ў СГА. Чакаюць, што заяўка Кіева будзе ўхваленая ў наступным месяцы, калі ў апошні момант не ўзнікнуць тэхнічныя складанасці.

Апошнія навіны