BE RU EN

Беларускія міліцыянты малююць расейскіх хабарнікаў (фота, відеа)

  • 24.01.2008, 15:22

Цікаўная падзея адбываецца ў экспертна-крыміналістычным цэнтры МУС. Там праходзіць выстава лепшых мастацкіх прац супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў. Сярод экспанатаў – самаробны пост ДАІ і партрэт міліцыянта, які ганарліва адмаўляецца ад хабару.

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, на выставе «шырока прадстаўленыя ўсе наяўныя формы традыцыйнай народнай творчасці, мастацкіх рамёстваў і здабыч, разнастайнасць тэхналогій і прыёмаў». Усе прадстаўленыя экспанаты «зробленыя рукамі міліцыянтаў і прыадчыняюць малавядомы абывацелю духоўны свет захавальнікаў Закона і спакою грамадзян», паведамляе "Салідарнасць".

На сайце МУС выкладзеная фотагалерэя прац. Нашу ўвагу прыцягнулі дзве з іх – самаробны пост ДАІ з міліцыянтам, які прысеў на прызбу, але працягвае махаць жазлом; і партрэт супрацоўніка міліцыі, які ганарліва адмаўляецца ад хабару. З твора цяжка судзіць пра прычыны адмовы: ці тое супрацоўнік МУС крышталёва сумленны, ці тое памер хабару абразліва малы – усяго 100 расейскі рублёў, або 4 (чатыры) даляры. Да таго ж незразумела, чаму адлюстраваныя расейскія рублі, а не даляры. Куды глядзяць міліцэйскія ідэолагі?

Зрэшты, гэта не першы пракол людзей у пагонах. Калісьці на тэлебачанні круцілі (а можа, і цяпер круцяць) «сацыяльны» ролік: па пустэльнай вуліцы на месца злачынства нясецца міліцэйская машына, а ззаду на біг-бордзе надпіс — «Не гані».

Апошнія навіны