Псіхіятрыя ў якасьці зброі супраць палітычных апанентаў
- 24.01.2008, 17:38
У Нясьвіжскім судзе абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Аляксандра Крутога. Ён прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па арт. 368 КК РБ - публічная абраза кіраўніка краіны. Паколькі суд палічыў, што дзеяньні асуджанага не нясуць вялікай пагрозы для грамадзтва, Аляксандр Круты вызвалены ад пакараньня, але накіраваны на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне.
Сваё рашэньне суд абгрунтаваў тым, што падчас сьледства ў дачыненьні да абвінавачанага праводзілася судова-медыцынская экспертыза, якая ўстанавіла, што Аляксандр Круты быццам бы хворы на “паранаідальную шызафрэнію”, у сувязі з чым матэрыялы былі накіраваныя ў медустанову з мэтай правядзеньня стацыянарнага лячэньня ва ўмовах звычайнага рэжыму, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Між тым, абаронца асуджанага Мар'яна Сямешка ня згодная з вынесеным прысудам, паколькі лічыць, што віна Аляксандра Крутога не была пацьверджаная падчас судовага разгляду прад'яўленымі доказамі, і справа спыненая не па рэабілітуючых падставах, а ў сувязі з адсутнасьцю грамадзкай небясьпекі. Адвакатка актывіста запэўніла, што прысуд будзе абскарджаны ў касацыйным парадку.
Крымінальная справа за публічную абразу Лукашэнкі была ўзбуджана супраць Аляксандра Крутога яшчэ ў траўні 2003 года. Падставай для ўзбуджэньня паслужыла тое, што сп.Круты распаўсюдзіў у Нясьвіжы ўлёткі, дзе напісаў: “органы власти склоняются ко злу (творят зло). Я кажу: Лукашенко ко злу не склоняется.” Некалькі гадоў А.Круты жыў у Менску і быў затрыманы толькі ўвосень 2007 году. Спачатку грамадзкі актывіст утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА, пасьля знаходзіўся ў псіхіятрычным шпіталі пад Менскам.