Маршрутка – не раскоша, а сродак перамяшчэння
- 25.01.2008, 12:32
З вуліц Менска неўзабаве могуць знікнуць маршрутныя таксі. Дзяржава вырашыла падвысіць падаткі на транспартныя паслугі. З пачатку года на лініі не выйшлі больш за 50 мікрааўтобусаў.
Сярод іх 5 аўтамабіляў Змітра Гарамыкі. 7 гадоў ён займаўся маршрутным бізнэсам. Але больш не будзе: круціць баранку сёлета стала невыгодна. Замест адзінага падатку цяпер трэба плаціць падатак ад выручкі, а гэта на шмат больш, паведамляе тэлерадыёкампанія «Мир».
Зміцер Гарамыка лічыць, што цяпер больш выгодна «мець 2-3 машыны» і вазіць пасажыраў нават за меншую цану – не па 1500 рублёў, а па 1000 рублёў, але «нелегальна». Хтосьці з сяброў Змітра, гэтаксама як і ён, часова беспрацоўныя. Хтосьці пакідаць маршрутны бізнэс пакуль не спяшаецца.
На долю прыватнага бізнэсу ў краіне прыходзіцца каля 30% пасажыразвароту. У сталіцы – каля 10%. Летась прыватнымі пасажырскімі перавозкамі займаліся 220 чалавек, але ўжо на пачатак сакавіка гэтага года іх застанецца не больш як 40.
Калі раней у гадзіну «пік» інтэрвал паміж маршрутнымі таксі ў розных частках горада не перавышаў 5 хвілін, то ў канцы студзеня, па словах пасажыраў, прыходзіцца чакаць не менш як 10-15 хвілін.