BE RU EN

J:MOPС адмовіліся выступаць на «Рок-каранацыі»

  • 25.01.2008, 16:22

Чыноўнікі Менгарвыканкаму далі дазвол на ўдзел у “Рок-каранацыі” гуртоў з “чорнага” спісу. Але адзін з галоўных прэтэндэнтаў на атрыманне сёлетней кароны гурт J:MOPС адмовіўся браць удзел у імпрэзе. Прычым, без тлумачэння прычын.

У сераду арганізатары атрымалі ва ўпраўленні культуры Менгарвыканкаму дазвол на правядзенне “Рок-каранацыі”. Чыноўнікі зацвердзілі праграму канцэрту цалкам. Па словах заснавальніка музычнага фэсту Юрыя Цыбіна, пытанняў наконт удзелу ў канцэрце гуртоў з “чорнага спісу” – “Крамы”, N.R.M. і “Нейра Дзюбеля” – у чыноўнікаў не ўзнікла, паведамляе “Еўрарадыё”.

Цыбін кажа, што арганізатары паспелі ўжо перагаварыць з усімі запланаванымі гуртамі-ўдзельнікамі і атрымалі ад іх пацверджанне на ўдзел. Акрамя J:MOPС.

“Адзіны гурт, з якім мы пакуль што не дамовіліся, гэта гурт J:MOPС. Мяркую, што ён не возьме ўдзел і ў сёлетняй “Каранацыі”. Усе астатнія гурты на сённяшні дзень пацвердзілі свой удзел у гэтым канцэрце”, - сказаў Цыбін.

“Морсы” патлумачылі свой адказ тым, што нібыта менавіта ў гэты час будуць выступаць дзесьці за межамі Беларусі. Аднак, нагадаем, што ў мінулым годзе яны таксама без тлумачэння прычынаў адмовіліся браць удзел у “Рок-каранацыі”.

Па словах заснавальніка “Каранацыі” Юрыя Цыбіна, арганізатары не будуць крыўдаваць на “морсаў”, калі яны не выступяць на канцэрце, а гледачам абяцаюць сапраўднае музычнае шоў высокага ўзроўню.

Даведка

“Рок-каранацыя 2007” вызначыць:

Лепшы праект

«Праектам» лічыцца музычны матэрыял, выдадзены на гукавым носьбіце, пад пэўнай канцэпцыяй, запісаны, як правіла, удзельнікамі розных музычных калектываў, могуць уключацца супольныя музычныя праекты, складанкі розных выканаўцаў, складанкі лепшых песень калектыву, выдадзеныя канцэртныя запісы, сайд-праекты, трыб'юты ды іншае.

Крытэры адбору:

а) якасць запісанага матэрыялу,

б) канцэптуальнасць, актуальнасць і навізна праекту,

в) рэакцыя рынку – продажы + водгукі ў СМІ.

Прэтэндэнты:

Песьні Свабоды — 3. Складанка.

Сузор'е – Песня пра зубра

Вайцюшкевіч Зміцер – Калыханкі

Хатынь: Tacet, Sed Loquitur

J:МОРС — Ледоколы. Live

Народны альбом. Live

Дударскі фэст

Басовішча- XVII

Лепшы альбом

Разглядаюцца ўсе альбомы альтэрнатыўных выканаўцаў ва ўсіх жанрах, якія датуюцца 2007 годам. Пры складанні спісаў намінантаў улічваліся наступныя крытэры выбару:

1. Наўянасць запісанага і выдадзенага (на лэйбле ці самастойна) аўдыёматэрыялу, яго якасць і адпаведнасць сусветным музычным тэндэнцыям

2. Актыўная канцэртная дзейнасць цягам году (сольныя канцэрты, удзел у фестывалях і г.д.)

3. Актыўная прысутнасць у інфармацыйнай прасторы (наяўнасць рэцэнзіяў у СМІ, удзел у інтэрнэт, тэле- і радыё-гіт-парадах і г.д.)

Прэтэндэнты:

J:МОРС — Адлегласць

N.R.M. — 06

Крама — Усё жыцьцё - дзiўны сон

Крамбамбуля — Сьвяточная

Зьмiцер Вайцюшкевiч & WZ–Orkiestra — Лірыка

Ляпіс Трубяцкой — Капитал

Neuro Dubel — Stasi

Лепшая песьня

Разглядаюцца ўсе песні беларускіх выканаўцаў, незалежна ад мовы выканання, якія падпадаюць пад фармат цырымоніі і якія стала прысутнічалі ў інфармацыйнай прасторы.

Крытэры адбору:

а) запамінальнасць,

б) згадкі ў СМІ, тэле- і радыё-ратацыі, перамогі ў інтэрнэт і радыё-гіт-парадах

Прэтэндэнты:

N.R.M. – Менск і Мінск

J:МОРС – Ледоколы

beZ bileta – Никогда не умирай

Ляпіс Трубяцкой — Капитал

Крама – Стэфка. Праз 20 год

Neuro Dubel - Край

Традыцыі і сучаснасць

Разглядаюцца ўсе альбомы выканаўцаў, што працуюць у рэчышчы world-music і старадаўняй музыкі (этна/фолк/фолк-рок/фолк-мадэрн/старадаўняя музыка).

Прэтэндэнты:

Testamentum Terrae – Слаўны паніч

Бан-Жвірба – Забабоны

OSIMIRA – Druva

Сяржук Сокалаў-Воюш - Песьні лісоўчыкаў

Юр'я - Рай коню

Адкрыццё году

Разглядаюцца выканаўцы (музычныя гурты), якія выдалі ў 2007 годзе дэбютны альбом і засведчылі сваю актыўнасць цягам года, стала прысутнічалі ў інфармацыйнай прасторы і пэрыядычна выступалі на сцэнічных пляцоўках у краіне і па-за яе межамі.

Прэтэндэнты:

Детидетей - Конверты для снов

Indra - Cонцаварот

M.L.A. - Такие же, какими были всегда

Прарыў году

Разглядаюцца выканаўцы (музычныя гурты), якія ўжо існавалі да 2007 году, але засведчылі надзвычайную актыўнасць цягам азначанага года. Улічваецца наяўнасць якасна запісанага аўдыёматэрыялу, актыўная канцэртная дзейнасць, поспех на беларускіх і міжнародных фестывалях, сталая прысутнасць у інфармацыйнай прасторы.

Прэтэндэнты:

Фляўс і Кляйн

Tarpach

Гурзуф

Haіr Peace Salon

Лепшы кліп

Разглядаюцца ўсе відэакліпы выканаўцаў, якія падпадаюць пад фармат фестывалю, знятыя цягам 2007 года і адпавядаюць наступным крытэрам: эфектыўнае спалучэнне гуку і відэа, наяўнасць аўтарскага рэжысёрскага стылю і ратацыі на айчынных і замежных музычных каналах.

Прэтэндэнты:

Ляпіс Трубяцкой - Капитал (рэж. Аляксей Церахаў)

beZ bileta - Никогда не умирай (рэж. Мацвей Сабураў)

J:МОРС – Ледоколы (рэж. Максім Сіры)

Сяргей Пукст – Не было тебя (рэж. Максім Сіры)

Neuro Dubel - Край (тэлеканал Белсат)

Рок-Карона (гурт года)

Пераможца вызначаецца па сукупнасці заслугаў:

- Альбом

- Перамогі ў фестывалях, конкурсах, актыўная канцэртная дзейнасць

- Наяўнасць песень у тэле- і радыё-ратацыі, сталая прысутнасць у інфармацыйнай прасторы

Апошнія навіны