BE RU EN

Мірную дэманстрацыю ў Менску назвалі «масавымі беспарадкамі» (фота, відэа)

  • 25.01.2008, 17:09

22 чалавекі, якія былі асуджаныя на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, выйшлі сёння на свабоду. Як паведаміў адзін з іх, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сталічная пракуратура ўзбудзіла і праводзіць расследаванне крымінальнай справы "па факце масавых беспарадкаў у Менску" 10 студзеня. "Масавымі беспарадкамі" названая мірная дэманстрацыя, жорстка разагнаная міліцыяй.

Паводле адміністрацыйнага кодэкса, палітвязняў, якія адбывалі пакаранне ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна ў Менску, павінны былі выпусціць пасля 16 гадзіны, бо менавіта ў гэты час 10 студзеня праходзілі асноўныя затрыманні. Але, з прычыны таго, што ля турмы сустракаць дэмакратычных актывістаў збіраліся прадстаўнікі апазіцыйных партый і рухаў, сваякі арыштаваных і проста неабыякавыя грамадзяне, улады, мабыць, спалохаліся масавай акцыі з кветкамі і нацыянальнымі сімваламі ля варот турмы.

Усе актывісты, асуджаныя на 15 сутак арышту, былі адпушчаныя яшчэ раніцай. Сёння на свабоду выйшлі:

1. Раман Багдановіч

2. Аляксандр Баразенка

3. Павал Вінаградаў

4. Арсеній Пахомаў

5. Сяргей Клюеў

6. Паліна Кур’яновіч

7. Анатоль Лябедзька

8. Ян Міхайлаў

9. Міхаіл Пашкевіч

10. Міхаіл Крываў

11. Аляксандр Сцепаненка

12. Уладзімір Шыла

13. Анатоль Шумчанка

14. Юры Баркун

15. Арцём Дубскі

16. Андрэй Радыёнаў

17. Ігар Жабароўскі

18. Аляксандр Важакоў

19. Аляксандра Лындава

20. Зорка А.Ю.

21. Юры Куксюк

22. Алесь Чарнышоў

Нагадаем, удзельнікаў мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў судзілі ў Цэнтральным і Маскоўскім судах. Людзей абвінавачвалі ў парушэнні двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: "удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве" і "дробнае хуліганства". У знак пратэсту шасцёра актывістаў – Раман Багдановіч, Павал Вінаградаў, Ганна Баразенка, Іван Міхайлаў, Аляксандра Лындава і Іван Жабароўскі абвясцілі галадоўку.

Прысуды выносілі суддзі Маскоўскага раёна Гусакова О.А., Рудніцкая Е.Б., Аўдзеенка В.А., Кузняцова Н.А., Шастакоў Ю.В., Казак В.В., Фралова Е.Г., Шылько Е.Н., а таксама суддзі Цэнтральнага раёна Таццяна Паўлючук і Аляксей Бычко.

Усяго падчас акцыі 10 студзеня былі асуджаныя 23 чалавекі. У турме на Акрэсціна яшчэ засталася Таццяна Цішкевіч, асуджаная на 20 сутак арышту. Вядома, што яна была жорстка збітая падчас затрымання, у суд да дзяўчыны выклікалі брыгаду «хуткай дапамогі», а цяпер у турме яна сур'ёзна хварэе. Па словах адваката Веры Страмкоўскай, верагодней за ўсё, у Цішкевіч – лёгачнае захворванне.

Таксама ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на вул. Акрэсціна знаходзяцца лідэры прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў і Аляксандр Таўстыка і яшчэ каля двух дзесяткаў актывістаў прадпрымальніцкіх і моладзевых рухаў, затрыманых пасля акцый 10 і 21 студзеня.

Між іншым, умовы ўтрымання ў спецпрыёмніку-размеркавальніку можна параўнаць толькі з катаваннямі. Па словах лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, яны не палепшыліся, там па-ранейшаму вельмі холадна і кормяць горш, чым свінняў. “Спаць можна толькі, калі надзенеш трое штаноў і швэдараў. Колькі мае сябры і родныя не спрабавалі перадаць “спальнік”, у іх яго не бралі. Ежу таксама перадаваць нельга. Што тычыцца турэмнага харчавання, то нават свінні ў маіх бацькоў маюць лепшы рацыён”, – распавёў Лябедзька “Нашай ніве”.

Палітык таксама пацвердзіў, што падчас адбывання арышту да палітвязняў прыязджалі следчыя з сталічнай пракуратуры і дапытвалі па крымінальнай справе, узбуджанай па факце масавых беспарадкаў у Менску 10 студзеня. Паводле яго слоў, “12 студзеня ў спецпрыёмнік прыехала цэлая брыгада следчых на чале з начальнікам следчага аддзела ГУУС Менгарвыканкама Міхальчыкам.

Нагадаем, 21 студзеня па гэтай жа справе былі дапытаныя адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Леў Марголін і намеснік старшыні АГП Леў Шынкарык. Сярод іншага следчыя высвятлялі, хто прапанаваў людзям ісці да плошчы Незалежнасці і перакрываць рух па праспекце, а таксама ці былі гэтыя дзеянні загадзя спланаванымі або спантаннымі.

Пакуль усе дапытаныя праходзяць па гэтай крымінальнай справе ў якасці сведак.

Апошнія навіны