BE RU EN

Баявікі ў Пакістане ўзялі ў заложнікі больш як 200 школьнікаў

  • 28.01.2008, 15:10

Баявікі-ісламісты трымаюць у заложніках 250 школьнікаў. "У школе знаходзяцца 200-250 дзяцей і каля сямі баявікоў. Кіраўніцтва правінцыі вядзе з імі перамовы", – цытуе агенцтва Рэйтэр кіраўніка МУС Пакістана Хаміда Наваза.

Школа, у якой былі захопленыя дзеці, знаходзіцца на паўночным захадзе Пакістана недалёка ад Зоны плямёнаў, дзе знайшлі прытулак сотні ісламістаў, якія ў свой час ваявалі на баку талібаў у Аўганістане.

Пра пацярпелых не паведамляецца.

Паводле інфармацыі агенцтва Асашыэйтэд Прэс, інцыдэнт з захопам заложнікаў адбыўся ў раёне горада Банну.

Як паведамілі прадстаўнікі мясцовай паліцыі, некалькі баявікоў у панядзелак у наваколлях горада выкралі прадстаўніка міністэрства аховы здароўя, пасля чаго паліцыянты пачалі іх пераследаваць. Падчас пагоняў злачынцы адпусцілі выкрадзенага, пасля прабраліся на тэрыторыю школы і ўзялі ў заложнікі дзяцей і выкладчыкаў, якія знаходзіліся там.

У абмен на вызваленне заложнікаў баявікі патрабуюць падаць ім магчымасць бесперашкодна пакінуць навучальную ўстанову.

Апошнія навіны