Беларусь мае намер падняць тарыф на прапампоўку расейскіх нафтапрадуктаў
- 29.01.2008, 10:44
На сёння беларускі ўрад разглядае магчымасць павелічэння тарыфу на прапампоўку расейскіх нафтапрадуктаў.
Як паведаміла ПРАЙМ-ТАСС крыніца ў органах дзяржкіравання, беларускі бок мае намер падвысіць названы тарыф на 30%. Цяпер за прапампоўку тоны расейскіх нафтапрадуктаў Беларусь атрымлівае 0,89 даляра за тону.
Прадстаўнік профільнага ведамства дадаў, што пытанне аб падвышэнні тарыфу на прапампоўку нафтапрадуктаў павінна быць вырашанае "ў рамках новай методыкі вызначэння тарыфнай стаўкі на прапампоўку нафтапрадуктаў праз беларускі ўчастак сістэмы магістральных нафтапрадуктаў".
Апошнім разам тарыф на прапампоўку расейскіх нафтапрадуктаў Беларусь павялічвала ў 2004 годзе. Тады гэты тарыф быў павялічаны з 0,59 да 0,89 даляра за тону. Калі тарыф на прапампоўку расейскіх нафтапрадуктаў падвысіцца ў 2008 годзе, як гэта прапаноўвае беларускі бок, то Расея будзе плаціць 1,2 даляра за прапампоўку тоны нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі.
Беларусь можа падвысіць тарыф на транзіт нафтапрадуктаў толькі пасля ўзгаднення з Расеяй. Стасункі краін па пытаннях транспартоўкі нафтапрадуктаў рэгулюе міжурадавае пагадненне, якое было падпісанае ў кастрычніку 2004 года. Дакументам прадугледжаная магчымасць падвышэння ўзроўню тарыфаў па пагадненні бакоў.
Па тэрыторыі Беларусі праходзіць амаль 1,5 тыс. кіламетраў труб, па якіх транзітуюцца расейскія нафтапрадукты. У 2007 годзе Беларусь транзітавала каля дзевяці мільёнаў тон нафтапрадуктаў.