BE RU EN

Вынікі году ад Мінінфармацыі - 86 папярэджанняў

  • 29.01.2008, 11:53

86 пісьмовых папярэджанняў 76 незалежным выданням вынесла за 2007 год Міністэрства інфармацыі. Дзейнасць трох выданняў прыпынялася тэрмінам на 3 месяцы.

Гэтыя лічбы агучыў міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч на калегіі Міністэрства інфармацыі 25 студзеня. Прэс-служба ГА «БАЖ» высветліла, якія выданні і за што былі пакараныя.

Кіраўнік сектару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананнем заканаўства Віктар Гурэцкі паведаміў, што цягам году прыпыняліся тры недзяржаўныя газеты: «Неделя в Молодечно», «Столичные квартиры» і «Fitness and life». Па словах В. Гурэцкага, усе тры не аднойчы папярэджваліся аб парушэнні арт. 11 Закона «Аб друку і іншых» СМІ (змена перыядычнасці выхаду, мовы, адрасу і г.д.), а часопіс «Fitness and life» парушаў таксама арт. 30, змяшчаючы рэкламу ў недазволеных аб’ёмах.

З трох недзяржаўных выданняў толькі «Неделя в Молодечно» надае ўвагу грамадска-палітычнай тэматыцы і яшчэ да прыпынення сутыкалася з перашкодамі ў друку. Як паведаміў заснавальнік і рэдактар выдання Дзмітрый Харытонаў, пасля прыпынення ён аднавіў выпуск газеты і захаваў рэгістрацыю.

З выказванняў Уладзіміра Русакевіча на калегіі Мінінфармацыі вынікае таксама, што на працягу апошнiх трох гадоў яго ведамства вяло штотыднёвы манiторынг FM-эфiру ў краiне «на наяўнасць 70% беларускага прадукту». Па словах У. Русакевіча, «выхаваўчы працэс ужо скончаны» i «замеры можна памяншаць».

Прэс-служба ГА «БАЖ» пацікавілася ў супрацоўнікаў міністэрства, чаму міністр агучыў лічбу «70%» а не «75%», якая фігуравала ў афіцыйных «нарматывах» дагэтуль. Кіраўнік упраўлення электронных СМІ Аляксандр Карачун запэўніў, што гэта проста агаворка.

Апошнія навіны