BE RU EN

Грамадзяне не хочуць, каб іх атручвалі ядахімікатамі

  • 29.01.2008, 12:22

Звыш як чатырыста грамадзян двух пасёлкаў пратэстуюць супраць будаўніцтва завода ядахімікатаў у Пухавіцкім раёне.

З ініцыятывы жыхароў пасёлкаў Дружны і Свіслач прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна на чале з кіраўніком мясцовай вертыкалі Юрыем Шапавалавым. У кінатэатры "Юбілейны", які знаходзіцца ў Свіслачы, яблыку няма дзе было ўпасці. Людзі стаялі ў праходах і ў фае – так хвалявала пытанне жыхароў, піша Bulletinonline

Поруч гэтых двух пасёлкаў мяркуецца будаўніцтва завода па выпуску вадкіх ядахімікатаў, сродкаў хімічнай абароны раслін. Ужо створанае сумеснае расейска-беларускае прадпрыемства ЗАТ "Аўгуст Бел". Завод будзе пабудаваны на месцы былой вёскі Бор.

Начальнік землеўладкавальных прац Пухавіцкага раёна спадар Якушаў паведаміў на сходзе, што праект практычна прайшоў экалагічную экспертызу, разгледжаны і ўхвалены на сесіях сельскіх і раённых Саветаў дэпутатаў. Маўляў, грамадская думка вывучалася ў газеце "Пуховические новости".

А як было насамрэч?

Адзін з ініцыятараў стварэння групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму супраць будаўніцтва Сяргей Абразоўскі казаў, што ўлады чарговым разам плююць у твар грамадзян. Ён канстатаваў: спадар Якушаў відавочна выдае жаданае за сапраўднае. Сяргей Абразоўскі падаў шэраг дакументаў, якія аспрэчваюць інфармацыю начальніка землеўладкавальных прац райвыканкама.

Ён зачытаў лісты з Міністэрства сельскай гаспадаркі і Савета міністраў, у якіх чорным па белым напісанае: дадзенае пытанне не разглядалася на пасяджэннях, яно патрабуе абмеркавання. У лісце за №27014770 ад 04.12.2007 года, падпісаным старшынёй Акадэміі навук Мясніковічам гаворыцца: "Лічыць не мэтазгодным будаўніцтва завода ядахімікатаў у Пухавіцкім раёне".

Што да абмеркавання ў раёне, то Сяргей Абразоўскі і Сяргей Салдаценка, адзін з лідэраў мясцовых сацыял-дэмакратаў, якія выступалі перад жыхарамі, распавялі, як на заявы аб правядзенні пікетаў і сходаў з мэтай абмеркавання дадзенага пытання з жыхарамі пасёлкаў увесь час атрымоўвалі адказ мясцовага кіраўніцтва – "Адмовіць". Знаходзіліся любыя чыннікі, каб людзі не змаглі афіцыйна сабрацца і правесці дазволеныя мерапрыемствы. Калі Сяргей Абразоўскі правёў несанкцыянаваны сход грамадзян, то адразу ж быў выкліканы ў міліцыю на допыт.

Людзі аднагалосна прагаласавалі супраць будаўніцтва небяспечнага для жыцця і здароўя людзей завода.

Апошнія навіны