Спікер «парламента» панічна баіцца сумленных выбараў
- 29.01.2008, 16:25
Услед за абвяшчэннем меркаваных тэрмінаў парламенцкіх выбараў у Беларусі (верасень–кастрычнік гэтага года), прадстаўнікі ўлады пачалі рабіць заявы, якія сведчаць пра іх страх перад працэдурай сумленнага адкрытага галасавання.
Спікер ніжняй палаты "парламента" Вадзім Папоў загадзя абвінаваціў апазіцыю ў правакацыях і паабяцаў не дапусціць яе перамогі на выбарах.
"Вядома, варта чакаць празмернай увагі да нашых выбараў з боку знешніх сілаў, негатыўна настроеных у дачыненні нашай краіны", – сказаў Папоў у інтэрв'ю "Інтэрфаксу". Ён чакае, што "правакацыі падчас выбараў будуць", але не падзейнічаюць эфекту. "Калі казаць адкрыта і зыходзіць з таго, як сёння сябе вядзе апазіцыя, што яны робяць для краіны, то, на маю думку, яны не маюць ніякіх шанцаў на выбарах", – заявіў Папоў.
Наконт стасункаў Беларусі з Еўрапейскім Звязам, спікер сказаў, што 12 прапаноў ЕЗ да ўлад па дэмакратызацыі краіны... перашкаджаюць наладжванню двухбаковых стасункаў. "Колькі разоў нам высоўвалі адны ўмовы, мы іх выконвалі, а заўтра нам высоўвалі цалкам іншыя. Неабходна сумесна знаходзіць вырашэнне праблем, не высоўваючы пры гэтым ніякіх папярэдніх умоў", – заявіў Папоў.
Намеснік старшыні Беларускага народнага Фронту, адзін з ініцыятараў кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Віктар Івашкевіч заявіў на днях, што апазіцыя настойвае на правядзенні выбараў у дэмакратычных умовах.
«Сэнс удзелу ў любых выбарах існуе толькі тады, калі на іх можна перамагчы. А у беларускіх умовах перамагчы магчыма толькі, калі ўлада выканае 12 умоў Еўразвяза. Таму кампанія «Еўрапейская Беларусь» – гэта падрыхтоўка да выбараў у сэнсе дасягнення рэальных умоў свабодных выбараў і вызвалення ўсіх палітвязняў», – сказаў ён.
«Калі ўлады не пойдуць на дэмакратызацыю краіны, калі будуць рыхтаваць замест сапраўдных выбараў выбарчы фарс, наш народны рэферэндум, які будзе праходзіць у розных формах: у выглядзе мітынгаў, збору подпісаў, публікацый у прэсе, будзе альтэрнатывай гэтаму выбарчаму фарсу», – падкрэсліў Віктар Івашкевіч.