BE RU EN

Новага старшыню ЕЗ у Беларусі будзе прадстаўляць Францыя

  • 3.01.2008, 11:44

1 студзеня старшынства ў Еўразвязе на бліжэйшыя паўгода перайшло да Славеніі. У Беларусі выконваць абавязкі старшыні ЕЗ ад імя Славеніі будзе Францыя.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2007 года старшынёй Еўразвяза з'яўлялася Партугалія. З прычыны таго. што ў Беларусі няма амбасады Партугаліі, яе прадстаўляла амбасада Славакіі.

Часовы павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Беларусі Любамір Рэгак неаднаразова заяўляў, што Еўразвяз зацікаўлены і гатовы да развіцця ўсебаковых стасункаў з Беларуссю, перадае БелаПАН.

У прыватнасці, наведваючы ў складзе дэлегацыі амбасадараў краін Еўразвяза 11–12 кастрычніка Гомельскую вобласць, Л.Рэгак заявіў, што Еўразвяз максімальна зацікаўлены ў тым, каб Беларусь упісалася ў агульнаеўрапейскую прастору. Ён падкрэсліў, што з гэтай мэтай Еўракамісія яшчэ ў 2006 годзе апублікавала інфармацыю пра тое, што можа даць супрацоўніцтва ЕЗ з Беларуссю і якіх крокаў чакае Еўропа ад беларускіх улад.

«Гэтыя крокі я б не назваў умовамі, хутчэй рэкамендацыямі, – сказаў Л.Рэгак. – Гэта тыя пункты, якія мы лічым цывілізацыйнай асновай еўрапейскай супольнасці, і яны не павінны быць у супярэчнасці з інтарэсамі грамадзян Беларусі. Гаворка ідзе пра вызваленне людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах, а таксама пра фармаванне эканамічнага асяроддзя, якое будзе такім жа, як у краінах ЕЗ, каб не ўзнікла выспачка ў моры свабоднага рынку».

Апошнія навіны